Менскі гарадскі суд не задаволіў скаргу абаронцаў Курапатаў
Менскі гарадскі суд не задаволіў скаргу абаронцаў мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты.
Абаронцы Курапатаў дабіваюцца адмены папярэдняй пастановы суда Цэнтральнага раёну Менску і новага разгляда справы. Грамадзяне патрабуюць, каб суд прымусіў Міністэрства культуры Беларусі выконваць свае абавязкі.
„Мы не згодныя з дзеяннямі гэтага ведамства і начальніка яго ўпраўлення па ахове гістарычнай і культурнай спадчыны Ігара Чарняўскага па звужэнню межаў ахоўнай зоны Курапатаў”, – удакладніў адзін з аўтараў скаргі, журналіст і грамадскі актывіст Марат Гаравы:
- У ахоўнай зоне Курапатаў былі незаконна пабудаваныя аб’екты “Бульбаш-холу”. Міністэрства культуры нічога не зрабіла, каб абараніць Курапаты. І прадпісанне Генеральнай пракуратуры не было выканана. Міністэрства культуры менавіта павінна было арганізаваць выкананне, Мала таго, Міністэрства культуры зрабіла ўсё, каб увесці ў прававое поле тое беззаконне, што каля Курапатаў тварылася.
Міністэрства зацвердзіла зону напярэдадні Новага года. Паводле гэтага праекту, ад ахоўнай зоны Курапатаў аднялі вялікую тэрыторыю, шырынёй да 70-ці метраў, што стварае вялікія пагрозы для мемарыяла, – сказаў Марат Гаравы.
Прадстаўнікі грамадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў” накіравалі заявы у менскі гарадскі суд і пракуратуру Рэспублікі Беларусь. Яны дамагаюцца спынення новабуду ў ахоўных зонах мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій.