viasna on patreon

Для чаго перапрафілююць музей «Перм-36»?

2015 2015-03-16T16:24:44+0300 2015-03-16T16:27:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kukabaka_020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхась Кукабака. Фота: Сяргей Балай

Міхась Кукабака. Фота: Сяргей Балай

Скандал з перапрафіляваннем унікальнага Мемарыяльнага музея гісторыі палітычных рэпрэсій "Перм-36", адкрытага на месцы былога лагера для асуджаных за антысавецкую прапаганду і дзейнасць, паступова набывае сусветны рэзананс. Міжнародная грамадскасць задаецца пытаннем: пра якія «тэхналогіі» і «геройствы» будуць распавядаць экскурсаводы цяперашняга «музея работнікаў ГУЛАГу»?

З пытаннем пра ўмовы ўтрымання і наглядчыкаў лагера «Перм-36» Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся да Міхася Кукабакі, які адбываў там тэрмін за "антысаветчыну". Вядомы беларускі дысідэнт падзяліўся ўспамінамі, адзначыўшы, што ён «далёкі ад таго, каб рамантызаваць вязняў і перабольшваць пакуты».

 

“У Расіі чарговы Вертыкал задумаў чарговае перапісванне гісторыі пад свой капрыз. У гэтую новую гісторыю музей Гулагу відавочна не ўпісваецца. Згодна з Пуціным, адзін з самых крыважэрных дыктатараў у Еўропе, так званы генералісімус Сталін, быў усяго толькі «эфектыўным мэнэджарам». Ну і гвалту, паводле новай гісторыі, пры Сталіне амаль не было. А калі і быў, то выклікаўся складаным становішчам у свеце і т.д. Таму не выпадкова сталі з'яўляцца «сведчанні» былых вертухаяў (ахоўнікаў) усіх узроўняў, якія расхвальваюць лагерныя ўмовы ў «Пермі-36» і адначасова дыскрэдытуюць былых палітвязняў як «ворагаў народа». Чалавеку з боку нялёгка разабрацца, дзе хлусня ці паўпраўда. Трэба разумець, што любы лагер, уключаючы і Пермскія, гэта Расія ў мініяцюры. Мы і называлі краіну «вялікай зонай». Інакш кажучы, у лагеры, як і ў краіне, не было адзіных правілаў для ўсіх, адзінага закону. Зрэшты, такая сітуацыя захавалася ў Расіі і сёння.

У адрозненне ад крымінальных зонаў, у Пермскіх лагерах былі афіцыйныя куратары з КДБ. За кожным з іх замацоўвалася група зняволеных. Вось гэтыя куратары і вызначалі індывідуальны рэжым утрымання для кожнага з сваіх «падапечных». Скажам, я быў пад “апекай” маёра КДБ Куляшова, камандзіраванага з Мурманска (з яго слоў). Нават увосень 1986 года ён адкрыта выказаўся: «Мы, Кукабака, нераззброеных на волю не выпускаем. І таму ты ніколі не вызвалішся, калі не зменіш сваіх паводзінаў». Натуральна, стаўленне да мяне і іншых, хто змагаўся за свае правы, было іншае, чым да тых, хто «мяняў» сваё паводзіны, ва ўгоду куратару ад КДБ.

Пад агульным тэрмінам «палітычныя» у лагерах была самая розная публіка [у палітычных зонах сядзелі асуджаныя па двух артыкулах КК РСФСР - 64-м «Здрада Радзіме» і 70-м «Антысавецкая агітацыя і прапаганда» - рэд.]. 

 

Былі там асуджаныя за супрацоўніцтва (зусім не заўсёды па ідэйных меркаваннях) са спецслужбамі розных краінаў. Значную частку кантынгенту складалі абвінавачаныя ў супрацы з акупантамі ў перыяд Другой сусветнай вайны. Зрэдку трапляліся і хітрыя крымінальнікі, якія штосьці не падзялілі са сваімі ж у крымінальнай зоне: ратуючыся ад расправы, аб'яўлялі сябе «антысаветчыкам» і таму аказваліся ў нас. Трапляліся і адкрытыя авантурысты, далёкія ад усялякіх «ідэяў». Адзін з падобных - нейкі Вадзім Арэнберг з сям'і вайскоўца, па стылі паводзінаў мажор, амаль ніколі не працаваў, але аматар рэстаранаў. Разам са сваёй каханкай ён абмяркоўваў ідэю захопу самалёта для ўцёкаў на Захад, каб абвясціць сябе там «змагаром» за сіянізм. Атрымаўшы прыстойны тэрмін, хутка «перабудаваўся» і стаў у лагеры заўзятым змагаром супраць сіянізму. Адкрыта супрацоўнічаў з КДБ, даносіў, выступаў па ТБ і г.д. Натуральна, стаўленне да яго з боку лагернага начальства было адпаведнае. Ніякіх абмежаванняў у прадуктовых пасылках, па працы. Нават дазволілі жаніцца ў лагеры. Выпадак беспрэцэдэнтны ў палітзоне. Вызваліўся датэрмінова з міласці Гарбачова. Тут жа паспяхова скарыстаў факт знаходжання ў палітзоне; пабег у Амерыканскую амбасаду скардзіцца, як ён пакутаваў у савецкім «канцлагеры» і паляцеў у Штаты, кінуўшы жонку з дзіцём (ці яна яго прагнала?). Большасць былых «шпіёнаў», як і амаль усе асуджаныя за ваенныя злачынствы, супрацоўнічалі з КДБ. Натуральна, яны жылі ў лагеры прывольна. Некаторыя нават грэбавалі хадзіць у сталовую. Таму, хоць якасцю харчаванне не адрознівалася, але такога голаду, як у крымінальных зонах, не было. Менавіта за кошт абраных «палітвязняў», якія супрацоўнічалі з КДБ.

І вось тут - прастора для «ўспамінальшчыкаў» з былых вертухаяў. Асабліва для шэраговых, якія не ўнікалі ў механіку лагернай палітыкі свайго начальства. Бо можна выцягвацьна патрэбу прапаганды зручных персанажаў, апісваючы, якія багатыя пасылкі з каўбасамі і іншым яны атрымлівалі, чаго ў мясцовых крамах не было. І была падстава для зайздрасці. Але вертухаі замоўчваюць аб тым, што не ўпісваецца ў задачы дзяржпрапаганды. Яны не «ўспомняць», што Кукабака за ўсе апошнія дзесяць гадоў не атрымаў у лагерах НІВОДНАЙ пасылкі. Хоць жадаючых мне дапамагчы было дастаткова. Яны не ўспомняць пра шматдзённую галадоўку праваслаўнага Агароднікава, патрабаваўшага для сябе Біблію, але так і не атрымаўшага яе, затое часцяком трапляўшага ў штрафны ізалятар. Толькі за адмову ад супрацы з КДБ. Таксама рэпрэсіям падвяргаліся праваслаўны святар (цяпер нябожчык) Глеб Якунін, біёлаг Сяргей Кавалёў, журналіст Леў Цімафееў, радыёінжынер Леанід Лубман, паэт і лекар Віктар Некіпелаў, працоўны Анатоль Марчанка і іншыя сапраўдныя дысідэнты. Яны прыстойна паводзілі сябе на следстве, у судзе і ў лагеры трымаліся годна. А гэта ўжо з'яўлялася «правапарушэннем» з пазіцыі вертухаяў і куратараў з КДБ. Мяне самога шматкроць нахабна пазбаўлялі ўсякай перапіскі ў гэтай «Пермі-36». Не пазбег і заключэння на паўгады ў лагерную турму (ПКТ). Дарэчы, сядзеў там у адной камеры з журналістам Цімафеевым і «сацыялістам» Барысам Чарных (цяпер нябожчыкам). Мала таго, мне перашкаджалі ў адпраўленні нават наглядных скаргаў, заяваўу пракуратуру і іншыя афіцыйныя інстанцыі.

Памятаю, быў такі капітан Рак, пігмеіднага росту, прыкладна як Пуцін. Злосны, з садысцкай усмешачкай. Скажам, заўважыў, што пішу заяву пракурору: падыходзіць і адбірае, нібыта для праверкі. Бяру ліст, пішу зноў. Зноў адбірае са здзеклівай ухмылкай. І так да бясконцасці. Там жа ўсё навідавоку, нідзе не схаваешся. Ды і даносчыкаў з лішкам. Прыходзілася ўсяляк выдасканальвацца, каб адправіць ліст. Нават у 1988 годзе, калі я заставаўся ў лагеры апошнім з «сямідзесятчыкаў» (арт.70 КК РСФСР), мяне практычна пазбаўлялі перапіскі, у адрозненне ад астатніх зняволеных. Выпадкова захаваўся тэкст заявы ў палітаддзел МУС, па якім можна меркаваць пра стаўленне да мяне.

Мяркую, што мясцовае КДБ запэўніла вертухаяў, што мяне не будуць вызваляць і таму са мной можна не цырымоніцца. Бо я катэгарычна адмаўляўся даваць пісьмовыя і ўсялякія абяцанні, просьбы і іншае. І ўказ Гарбачова аб маім вызваленні быў для начальства непрыемным сюрпрызам. Вызвалялі па-хамску, таемна, не папярэдзіўшы, не даўшы развітацца з зняволенымі. Як быццам праводзілі «спецаперацыю». Загадалі сабрацца з рэчамі, як на звычайны этап. І толькі ў штабе, атрымаўшы дакументы, зразумеў, што вызваляюць. І апошняя подленькая помста. Вывелі за вароты ў цемру, у мароз, нічога не патлумачыўшы, і дабірайся да станцыі як хочаш. Наўрад ці былыя вертухаі захочуць публічна «ўспамінаць» падобныя прыклады. Яны толькі ўспомняць каўбасныя пасылкі «змагара» з сіянізмам Арэнберга або раскаяўшагася маёра ГРУ, былога супрацоўніка савецкага пасольства. Такім яны маглі зайздросціць з поўнай на тое падставай...

Міхась Кукабака, былы вязень трох вар'ятняў і сямі лагераў, не лічачы турмаў у Беларусі, Мардовіі, Расіі. Масква"

Міхась Кукабака на адкрыцці музея "Перм-36"
Копія пастановы з крымінальнай справы М.Кукабакі
Тэкст заявы палітвязня М.Кукабакі захаваўся, дзякуючы ягоным апекунам з волі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства