viasna on patreon

Ашмянскія мытнікі затрымалі Агляд-хроніку “Вясны”

2015 2015-03-16T14:41:14+0300 2015-03-17T12:01:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/agliad-hronica-2014.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Агляд-хроніка “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе”

Агляд-хроніка “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе”

13 сакавіка на памежным пераходзе “Каменны Лог” мытнікі затрымалі  Агляд-хроніку  «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе» і яе англійскі варыянт «Situation of Human Right in Belarus in 2014», падрыхтаваныя Праваабарончым цэнтрам “Вясна”. Некалькі дзесяткаў асобнікаў  Агляд-хронікі ў сваім аўтамабілі праз беларускую мяжу перавозіў смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў.

Старэйшым інспектарам Ашмянскай мытні А. Шумскім быў складзены Акт мытнага дагляду аўтамабіля і Акт адбору проб і ўзораў тавараў для асабістага карыстання, якія перамяшчаліся з Літвы ў Беларусь. 47 асобнікаў выданняў хутчэй за ўсё будуць накіраваныя на экспертызу, якая павінна ўстанавіць, ці можна ўвозіць у Беларусь гэтыя кнігі.

Падобная сітуацыя адбылася на пачатку ліпеня 2013 года, калі 40 асобнікаў кнігі Алеся Бяляцкага "Асьвечаныя Беларушчынай" былі вынятыя ў Таццяны Рэвяка беларускімі мытнікамі на памежным пераходзе Каменны Лог падчас перавозу ў Беларусь і накіраваныя на экспертызу на прадмет утрымання экстрэмісцкіх матэрыялаў.  Пасля дзвюх “экспертызаў” выдання мытнікі запатрабавалі ад Таццяны Рэвяка рээкспартаваць 40 асобнікаў, забраныя ў яе на беларуска-літоўскай мяжы, на тэрыторыю Літвы, дзе была выдадзеная кніга. Суддзя Таццяна Емельяновіч прызнала экспертызы па кнізе непрымальнымі, але прыняла іх да ўвагі як меркаванне спецыялістаў ды забараніла ўвоз кнігі ў Беларусь.

Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі каментуе дзеянні ашмянскіх мытнікаў: “Беларусь па волі ўладаў застаецца краінай, зачыненай для незалежнага слова, закупоранай ад непадкантрольнай думкі праваабаронцаў. Затрымліваюцца кнігі, у якіх напісаная непрыемная для тых, хто кіруе краінай, праўда. Ва ўладаў не хапае смеласці паглядзець праўдзе ў вочы.

Калі я сядзеў у калоніі, мне таксама не ўсе кнігі дазвалялі перадаваць з волі. Зачыненая і несвабодная краіна падобная на турму”.

Штогадовую Агляд-хроніку “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе” выдае Праваабарончы цэнтр “Вясна” на падставе аглядаў з сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства