Эдуард Лобаў пакараны за парушэнне хатняга нагляду
Былы палітвязень, сустаршыня „Маладога Фронту” Эдуард Лобаў, які пасля вызвалення з калоніі знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам міліцыі, быў пакараны за яго парушэнне. Па словах маладафронтаўца, ён на паўгадзіны спазніўся дахаты:
- Адно парушэнне ёсць – спазніўся дамоў, у 10 гадзін вечара трэба быць дома, а я прыйшоў у 10.30. Прыйшлі праверыць, а мяне не было дома – склалі дакумент, што спазніўся. Прыйшоў адзначыцца – далі парушэнне, павезлі на суд, далі штраф 1 мільён 80 тысяч.
„Гэта было першае парушэнне і таму пакаралі дастаткова мякка. Другое парушэнне ўжо прадугледжвае адміністратыўны арышт”, – кажа Эдуард Лобаў. У 2011 годзе Лобаў быў асуджаны на 4 годы зняволення па артыкуле „хуліганства”. Разам з ім 2 гады атрымаў лідар „Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч. Па меркаванню праваабаронцаў, крымінальная справа была сфабрыкавана на падставе правакацыі спецслужбаў.