viasna on patreon

Праваабаронца просіць патлумачыць новае рашэнне аб масавых мерапрыемствах

2015 2015-03-09T11:55:54+0300 2015-03-09T11:55:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/baran-star-park-mas-mer.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша накіраваў заяву ў мясцовы гарвыканкам, у якой просіць патлумачыць некаторыя аспекты новага рашэння “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Баранавічы” ад 29.12.14г. У выніку прыняцця новага рашэння страчваюць сілу ранейшыя рашэнні гарвыканкама, у якіх указваўся парадак аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, расходаў, звязаных з медычным абслугоўваннем, прыборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства.

У новым рашэнні, адзначае праваабаронца, гэты парадак аплаты паслуг адсутнічае наогул, нягледзячы на тое, што ў адпаведнасці з арт. 6 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30.12.1997 года ”Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” гэты парадак павінен быць.

Праваабаронца нагадвае, што ён разам з іншымі прадстаўнікамі грамадскасці горада неаднарозова прасіў гарвыканкам адмяніць неабходнасць заключэння дамоў з міліцыяй пры падрыхтоўцы і правядзенні масавых мерапрыемстваў, бо згодна пастановы Савета Міністраў РБ № 207 ад 05.03.12г. гарвыканкам сам абавязаны паведаміць міліцыі аб маючым адбыцца масавым мерапрыемстве. Але безвынікова.

Далей грамадскі актывіст адзначае, што аб адмене гэтай дамовы з ГАУС і змене старога рашэння гарвыканкама аб масавых мерапрыемствах было ўказанне гарвыканкаму і з Брэсцкага абласнога выканкама, куды ён звяртаўся са скаргай. Аднак Баранавіцкі гарвыканкам не адгукнуўся як на ўказанне абласнога кіраўніцтва, так і на патрабаванні мясцовых грамадскіх актывістаў. Сваім новым рашэннем, сцвярджае праваабаронца, гарвыканкам не толькі ўскладніў, але яшчэ больш заблытаў праблему падрыхтоўкі і правядзення масавага мерапрыемства ў горадзе Баранавічы.

У сувязі з гэтым Сяргей Гоўша просіць гарвыканкам патлумачыць: чаму Баранавіцкім гарвыканкамам не выконваецца практыка агульнага правапрымянення ў Рэспубліцы Беларусь, бо, напрыклад, Брэсцкі і Гомельскі гарвыканкамы адмянілі неабходнасць заключэння дамоў з міліцыяй пры падрыхтоўцы і правядзенні масавых мерапрыемстваў. У Баранавічах, упэўнены праваабаронца, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і законы павінны дзейнічаць так, як у Брэсце, Гомелі і не інакш. Калі там адменены заключэнні дамоў з міліцыяй, то чаму гэта не зроблена ў нас? Грамадскі актывіст хоча ведаць: ці будзе ў далейшым Баранавіцкі гарвыканкам патрабаваць ад заяўнікаў заключэння дамоў з Баранавіцкім ГАУС ці гэты абавязак, ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў № 207, будзе ўскладзены на мясцовую выканаўчыю ўладу?

На заканчэнні Сяргей Гоўша просіць гарвыканкам патлумачыць: чаму кожны раз змяняецца месца правядзення масавых мерапрыемстваў у горшы бок, дзе людзі не ходзяць наагул і няма пляцовак, прыгодных для гэтага? Правабаронца хоча ведаць таксама, чаму гарвыканкам выбраў месцам масавых мерапрыемстваў закінуты дзікі лес, які даўно не бачыў аніякіх мерапрыемстваў?

Таму, каб выключыць у далейшым непаразуменні з міліцыяй, падсумоўвае праваабаронца Сяргей Гоўша ў сваёй заяве, ён просіць гарвыканкам абазначыць месца масавага мерапрыемства ў старым парку горада і не толькі надрукаваць яго схему для інфармавання грамадзян, але і вызначыць яго плошчу.

 

Стары парк з боку вуліцы Міцкевіча – месца масавых мерапрыемстваў у Баранавічах.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства