Міхаіл Мяхедка ў пошуках справядлівасці звяртаецца ў Камітэт па правах чалавека
Вычарпаўшы ўсе наяўныя сродкі прававой абароны на нацыянальным ўзроўні жыхар Мінска Міхаіл Мяхедка падаў індывідуальнае паведамленне ў Камітэт па правах чалавека ААН.
13 кастрычніка 2014 года жыхар Мінска Міхаіл Мяхедка зладзіў пікет каля будынку Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, трымаючы пры гэтым партрэт Прэзідэнта Беларусі. Такім чынам ён выказваў пратэст супраць неабгрунтаванай адмовы ў прававой дапамозе з боку Вярхоўнага суда і іншых дзяржаўных органаў.
Пасля затрымання супрацоўнікамі міліцыі быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч.1 арт 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Суд Ленінскага раёна Мінска пастанавіў пакараць Міхаіла Мяхедку штрафам у памеры 2 мільёны 250 тысяч рублёў. Менгарсуд па ягонай скарзе змяніў пастанову і абмежаваўся вынясеннем пікетоўшчыку папярэджання.
Затым скарга Мяхедкі на незаконнасць вынясення судовай пастановы разглядалася старшынёй Менскага гарадскога суда і была пакінутая без задавальнення. 13 лютага 2015 года рашэннем намесніка Страшыні Вярхоўнага суда скарга Мяхедкі таксама пакінута без задавальнення. Паколькі ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны былі вычарпаныя канчаткова, Міхаіл Мяхедка прыняў рашэнне звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Ён лічыць, што Рэспубліка Беларусь, якая з’яўляецца дзяржавай-удзельніцай Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама Факультатыўнага пратакола да яго, парушыла артыкулы 19 і 21 Пакта.
Міхаіл Мяхедка просіць КПЧ прызнаць яго ахвяраю парушэння Рэспублікай Беларусь правоў, прадугледжаных арт 19, 21 Пакта і указаць дзяржаве на неабходнасць перагляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, а таксама выплаціць кампенсацыю, якая б пакрыла ягоныя судовыя выдаткі.
Аўтар паведамлення ў КПЧ звяртае увагу на неабходнасць прывядзення нацыянальнага заканадаўства аб свабодзе мірных сходаў у адпаведнасць з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і на недапушчальнасць паўтарэння падобных парушэнняў у будучым.
Індывідуальнае паведамленне Міхаіла Мяхедкі падрыхтаванае з дапамогаю юрыстаў Праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Супрацьстаянне жыхара Менска Міхаіла Мяхедкі, які намагаецца аднавіць справядлівасць, і чыноўнікаў Вярхоўнага суда цягнецца досыць доўга – амаль шэсць гадоў: за гэты час, чалавека, які жадае аднавіць сваё канстытуцыйнае права на зварот да Прэзідэнта Беларусі, двойчы накіроўвалі ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінкі, затрымлівалі без складання пратаколаў аб адміністратыўным правапарушэнні, выносілі спагнанні.
Гісторыя Міхаіла Мяхедкі якраз пра тое, як прэзідэнцкая адміністрацыя стварае бар'еры на шляху грамадзянаў да канстытуцыйнага правасуддзя – тым часам як старшыня КС раіць ім звяртацца да кіраўніка дзяржавы, як да аднаго з суб'ектаў, упаўнаважаных даручаць Канстытуцыйнаму Суду праверку правапрымяняльнай практыкі судоў.