Брэст: следчыя органы не разгалошваюць звесткі пра крымінальную справу за паклёп на прэзідэнта
Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці толькі пацвердзілі, што справа па частцы 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэксу РБ (паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) сапраўды распачатая, зараз адбываюцца следчыя дзеянні і прызначаны шэраг экспертных даследаванняў.
З неафіцыйных крыніц вядома, што крымінальная справа паводле дадзенага факту ў адносінах да 63-гадовага жыхара Брэста Міхаіла Лукашэвіча распачатая яшчэ 29 снежня 2014 года, аднак звесткі пра гэта з’явіліся толькі зараз. Фігуранту крымінальнай справы абвінавачванне яшчэ не прад’яўлена.
Міхаіл Лукашэвіч жыве на ўскрайку Брэста і некалькі гадоў таму на тэрыторыі, якая знаходзіцца побач з яго ўласным домам, пабудаваў самаробны плот, дзе намаляваў лозунгі палітычнага і сацыяльнага зместу з крытыкай дзеянняў дзяржаўнай улады.
Як паведаміў праваабаронца Уладзімір Малей, раней рэакцыя уладных структур палягала ў тым, што да Лукашэвіча час ад часу прыходзілі супрацоўнікі міліцыі і ладзілі прафілактычную гутарку, каб мужчына прыбраў свае лозунгі. Аднак той рабіць гэта адмаўляўся і спасылаўся на тое, што свае выказванні на актуальныя тэмы змяшчае на ўласнай тэрыторыі.
Паводле словаў Уладзіміра Малея, пасля распачатай крымінальнай справы Міхаіл Лукашэвіч адмовіўся ад удзелу ў следчых дзеяннях. Каб правесці допыт ў лютым мужчыну на тры дні змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Акрамя таго, у яго хаце быў зроблены ператрус: з гаража пенсіянера супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі “прылады злачынства” — некалькі слоікаў з фарбай і грунтоўкай, а таксама сем пэндзляў. Сам плот пакуль застаўся некранутым.