viasna on patreon

Савет па правах чалавека павінен узяць на сябе адказнасць за становішча з правамі чалавека ў Беларусі

2015 2015-03-03T11:37:38+0300 2015-03-03T11:37:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fidh6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH)

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH)

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) выступіла з заявай напярэдадні 28-й Сесіі Савета па правах чалавека ААН, якая 2 сакавіка адкрылася ў Жэневе, звяртаючы ўвагу аўтарытэтнага міжурадавага органа на пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі.

 

Становішча з правамі чалавека ў Беларусі працягвае выклікаць заклапочанасць у сувязі з сістэматычнымі, грубымі і паўсюднымі парушэннямі правоў чалавека. Па словах Спецыяльнага дакладчыка ААН Міклаша Харашці, парушэнні ў краіне носяць «сістэмны і сістэматычны» характар. У 2013-14 гг. FIDH на падставе задакументаваных фактаў прыйшла да высновы, што парушэнні эканамічных і сацыяльных правоў у краіне, уключаючы правы працоўных, былі такімі ж сур'ёзнымі, як і парушэнні грамадзянскіх і палітычных правоў. Трывога ў сувязі з пашырэннем прымусовай працы ў Беларусі нашла сваё адлюстраванне ў адрасаваных Беларусі Рэкамендацыях Камітэта ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах. На 26-й сесіі Савета ААН па правах чалавека, якая праходзіла ў чэрвені 2014 года, была прынятая рэзалюцыя аб падаўжэнні мандата Спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў краіне яшчэ на адзін год.

Нягледзячы на ​​тое, што Алеся Бяляцкага, прэзідэнта праваабарончага цэнтра "Вясна" і віцэ-прэзідэнта FIDH, пасля трохгадовага адвольнага затрымання ўсё ж выпусцілі на волю, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася, хутчэй, наадварот. Яскравым прыкладам сістэматычных рэпрэсій у дачыненні да незалежных дысідэнтаў і падаўлення выступленняў грамадзянскай супольнасці служыць такі інструмент улады як адвольныя затрыманні. І FIDH і «Вясна» маюць дакументальныя пацверджанні такіх фактаў. У прыватнасці, наша апошняя справаздача пацвярджае, што ўлады ў Беларусі напярэдадні важных грамадскіх мерапрыемстваў сістэматычна праводзяць арышты актывістаў, пры гэтым, без усялякіх юрыдычных падставаў і з адной мэтай - пазбегнуць дэманстрацыі пратэсту.

На міжнародным узроўні ўрад Беларусі працягвае ігнараваць рэкамендацыі розных органаў ААН і адмаўляецца супрацоўнічаць з імі. Беларусь праігнаравала рашэнне Рабочай групы ААН па адвольных затрыманнях у дачыненні да затрымання і ўтрымання пад вартай Алеся Бяляцкага. Сітуацыю з Алесем Бяляцкім асудзіў таксама Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ) пасля таго, як краіна спыніла супрацоўніцтва з Камітэтам. Прынятае КПЧ у кастрычніку 2014 года рашэнне можна назваць прэцэдэнтным, бо ў ім прааналізаваныя цытуемыя абвінавачваннем пункты, па якіх праваабарончаму цэнтру «Вясна» было адмоўлена ў рэгістрацыі, і прызнана, што ўсе яны парушаюць замацаванае ў Канвенцыі права на свабоду асацыяцый. Акрамя таго, падкрэсліваецца, што вылучаныя абвінавачванні з'яўляюцца нелігітымнымі, паколькі не адлюстроўваюць інтарэсы нацыянальнай або грамадскай бяспекі, парушэнне грамадскага парадку, нанясенне шкоды грамадскаму здароўю або маралі, парушэнне правоў і свабодаў. Больш за тое, у рашэнні прызнана, што затрыманне Алеся Бяляцкага з'яўлялася прамым вынікам парушэння яго права на свабоду асацыяцыяў, а таксама правоў на прымяненне прэзумпцыі невінаватасці і выкананне належнай прававой працэдуры. КПЧ высунуў на адрас Беларусі патрабаванне даць Алесю Бяляцкаму кампенсацыю за нанесеную шкоду і прыняць меры па недапушчэнні падобных дзеянняў у будучыні.

У гэтым годзе, калі 4 траўня 2015 года сітуацыя ў Беларусі будзе разглядацца ў рамках працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду ААН (УПА) і абмяркоўвацца ў чэрвені на 29-ай сесіі Савета па правах чалавека, важна, каб ролю Беларусі як краіны, дзе праходзілі перамовы аб урэгуляванні канфлікту ва Украіне, не засланіла сабой фактычнае становішча з правамі чалавека ў краіне. Сапраўды, такая ж цяжкая сітуацыя з правамі чалавека ў іншых краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі (ад Азербайджана да Узбекістана), не можа служыць апраўданнем паслаблення ціску на ўрад Беларусі. Неабходнасць міжнароднага маніторынгу сітуацыі ў пералічаных вышэй краінах ні ў якай меры не супярэчыць неабходнасці працягваць намаганні міжнароднай супольнасці ў Беларусі. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у гэтым годзе, улічваючы, што і выбарчыя кампаніі і самі выбары ў Беларусі пастаянна суправаджаліся ўзмацненнем рэпрэсій, Савет па правах чалавека ААН павінен з асаблівай увагай паставіцца да сітуацыі ў краіне.

На 28-ай сесіі Савета па правах чалавека (HRC 28) FIDH будзе ўдзельнічаць у дыпламатычных місіях у межах «высокаўзроўневага сегмента» і 6 сакавіка 2015 правядзе брыфінг па справе Алеся Бяляцкага. Асноўная мэта брыфінгу - узмацніць наступальны рух і падтрымаць дзеянні Савета па правах чалавека па Беларусі ў чэрвені (HRC 29) і ў рамках УПА.

Эфектыўнасць ціску, які Савет па правах чалавека можа аказваць на рэпрэсіўныя рэжымы, сімвалізуе той факт, што пасля трох гадоў утрымання за кратамі і шматлікіх разглядаў сваёй сітуацыі Саветам, Алесю Бяляцкаму будзе прадастаўлена магчымасць выступіць на пленарнай сесіі Савета (5 сакавіка 2015г.).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства