Баранавічы: лідэра мясцовых прадпрымальнікаў выклікаюць у пракуратуру (дакумент)
Лідэра баранавіцкіх прадпрымальнікаў Мікалая Чарнавуса выклікаюць у Баранавіцкую міжраённную пракуратуру для дачы тлумачэнняў на 4 сакавіка. Гэта стала вядома з позвы, якую грамадскі актывіст атрымаў 2 сакавіка за подпісам старэйшага пракурора ўпраўлення ўласнай бяспекі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Я.М. Камісарава.
– Цяжка сказаць, па якім пытанні пракуратура хоча ўзяць у мяне тлумачэнні. Але я думаю, што гэта звязана, магчыма, са з’яўленнем каляровага плаката з заклікам да байкота Указа прэзідэнта № 222, які быў вывешаны каля майго працоўнага месца 15 лютага на мясцовым каапрынку. А, магчыма, мяне выклікаюць у пракуратуру ў сувязі з тым, што 1 сакавіка амаль усе баранавіцкія прадпрымальні, якія працуюць на мясцовым каапрынку і прадаюць тавары лёгкай прамысловасці, спынілі сваю працу, – паведаміў Мікалай Чарнавус.
Нагадаем, што 28 лютага Мікалай Чарнавус быў таксама выклікны на індывідуальную размову ў гарадскі аддзел унутраных спраў Баранавіцкага гарвыканкама. Намеснік начальніка ГАУС падпалкоўнік Эльдар Вільчкоўскі правёў з грамадскім актывістам прафілактычную размову аб неабходнасці выканання законаў падчас актыўнасці прадпрымальнікаў, якая, на думку Мікалая Чарнавуса, павінна непазбежна ўзрасці ў выніку ўступлення ў сілу 1 сакавіка ўказа Прэзідэнта № 222.