Бабруйск: замест знішчанай санітарнай зоны будуць азеляняць мемарыял
У Бабруйску дасюль з абурэннем абмяркоўваюць знішчаную зялёную санітарную зону, якая абараняла жыхароў вуліц 50 год ВЛКСМ і Лынькова ад выкідаў прадпрыемстваў, якія размясціліся праз дарогу - завода гуматэхнічных вырабаў, гарбарнага камбіната, завода буйнапанэльнага домабудавання і шыннага камбіната. Зараз на месцы прыгожых, высокіх бярозак і таполяў вялізная пустка.
Забудоўшчыкі "суцяшаюць" бабруйчан як могуць. Замест знішчаных у санітарнай зоне 650 дрэваў і сотняў хмызнякоў яны абяцаюць азеляніць іншыя раёны горада. Напрыклад, супрацоўнікі кампаніі "Inproma Group" плануюць высадзіць у дэкаратыўных мэтах маладыя дрэўцы каля мемарыяла на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці. Новыя насаджэнні таксама мусяць з'явіцца на тэрыторыі Моладзевага парку, які яшчэ толькі плануюць збудаваць каля ГЦ "Карона", і каля новага гандлёвага цэнтра, дзеля якога і была знішчана санзона.
Агульная сума кампенсацыйных пасадак складзе 1,5 мільярда рублёў, паведамляе газета "Бабруйскае жыццё".
"Мы ведаем, што Бабруйск славіцца зелянінай, скверамі і паркамі, таму не толькі займаемся пытаннем новых насаджэнняў вакол гандлёвага цэнтра, але гатовыя ўзяць удзел у азеляненні горада, разглядаць пытанне ўдзелу нашай арганізацыі і ў іншых экалагічных праектах Бабруйска", - цытуе выданне словы Дзяніса Спрынчака, прадстаўніка кампаніі "Inproma Group". Але пра тое, колькі часу давядзецца чакаць мясцовым жыхарам, калі гэтыя кволыя, маладыя дрэўцы падгадуюцца і пачнуць выконваць сваю абарончую місію, забудоўшчыкі далікатна маўчаць. Таксама як і пра тое, што да выкідаў ад чатырох прадпрыемстваў і самай загружанай аўтамабілямі вуліцы Мінскай ў бліжэйшы час дадасца будаўнічы пыл.
Нагадаем, пераважная колькасць бабруйчан выказвалася супраць знішчэння зялёнай зоны на скрыжаванні вуліц 50 год ВЛКСМ і Лынькова. Праводзіліся "грамадскія слуханні", збіраліся подпісы і пісаліся звароты ў інстанцыі. Але ў выніку бабруйскія чыноўнікі праігнаравалі просьбы месцічаў і далі дазвол на будаўніцтва чарговага гіпермаркета.