viasna on patreon

Гомель: арыштаванага на 10 сутак Кастуся Жукоўскага звазілі з ІЧУ на суд і пакаралі яшчэ штрафам

2015 2015-02-26T22:55:24+0300 2015-02-26T22:55:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zukoyski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Канстанцін Жукоўскі

Канстанцін Жукоўскі

У гомельскім ІЧУ працягвае галадоўку грамадскі актывіст Кастусь Жукоўскі, якога суд пакараў арыштам на 10 сутак нібыта за дробнае хуліганства – брудную лаянку. Актывіст быў затрыманы 20 лютага. Ён панёс скаргу ў аблвыканкам, на вахце ўзнік канфлікт з міліцыянерам, у выніку актывіста абвінавацілі ў дробным хуліганстве і пакаралі арыштам. Кастусь Жукоўскі абвесціў сухую галадоўку, якую трымаў пяць дзён. 25 лютага ён пачаў піць ваду, таму што ўзнікла небяспека жыццю і здароўю, але галадоўку ён працягвае.

У ІЧУ Кастуся Жукоўскага наведаў адвакат. Аказалася, што актывіста 25 лютага з ІЧУ звазілі на суд і яшчэ пакаралі штрафам у памеры 10 базавых велічынь нібыта за ілжывы данос.

Раней актывіст тлумачыў, што 7 лютага яму патэлефанаваў знаёмы і паведаміў, што каля грамадска-палітычнага цэнтру, што на вуліцы Палескай у Гомелі стаяць удзельнікі мотапрабегу з Беларусі і Расіі, і што яны ломяцца ў двор, каб сарваць бел-чырвона-белы сцяг, які вісіць над будынкам. Кастусь Жукоўскі адразу выклікаў міліцыю і пабег у грамадска-палітычны цэнтр. У той час ў будынку на вуліцы Палескай нікога не было, бо быў выходны. Калі актывіст прыйшоў на месца здарэння, то байкераў там ужо не было, толькі прыехала міліцыя. У выніку Кастуся Жукоўскага абвінавацілі ў ілжывым даносе.

Нагадаем, удзельнікі клубаў «Начныя ваўкі» і «Рускія матацыклісты» ладзілі прабег «Белая Русь» па маршруце Масква - Смаленск - Наваполацк - Мінск - Бабруйск - Гомель - Бранск. Мотапрабег праходзіў з 4 па 8 лютага. «Шлях паломнікаў пройдзе па святых гістарычных мясцінах руска-беларускай зямлі. Мерапрыемства здзяйсняецца ў славу прападобных святых воінаў-мніхаў, якія ўчынілі подзвіг у імя зямлі рускай, і ставіць сваёй мэтай захаванне і развіццё гістарычнай і культурнай спадчыны Русі, яе духоўных традыцый і каштоўнасцяў», - паведамлялі арганізатары. Мерапрыемства праходзіла пры падтрымцы Дэпартамента турызму Міністэрства культуры РФ, Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства і Нацыянальнага дабрачыннага фонду.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства