Пінскія ўлады павялічылі колькасць месцаў, дзе могуць адбывацца масавыя мерапрыемствы
Паводле новага рашэння мясцовага гарвыканкаму, замест ранейшых трох пляцовак, дзе можна ладзіць мітынгі, сходы і пікеты (за выключэннем дэманстрацый і вулічных шэсцяў), зараз іх будзе пяць.
Калі мінулым рашэннем, прынятым у 2011 годзе, на правядзенне сходаў і пікетаў можна было паспрабаваць атрымаць дазвол на двух спартовых аб’ектах (стадыёны “Прыпяць” і ДТСААФ), а таксама на летняй эстрадзе ў гарадскім парку культуры і адпачынку, дык цяпер да іх дадаліся парк па вуліцы Зоі Касмадзям'янскай і сквер каля мемарыяльнага комплексу «Помнік партызанам» па вуліцы Першамайскай.
У новым рашэнні Пінскага гарвыканкама асобным пунктам узгадваецца, што арганізатарамі масавых мерапрыемстваў могуць выступаць грамадзяне, палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні, прафесійныя саюзы, іншыя арганізацыі, зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку, “за выключэннем арганізацый Рэспублікі Беларусь, дзейнасць якіх прыпыненая ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі”.