27 лютага – чарговы суд над бярозаўскай журналісткай-фрылансерам Тамарай Шчапёткінай за працу без акрэдытацыі
На сёння, 23 лютага, незалежная журналістка Тамара Шчапёткіна была выклікана позвай у Бярозаўскі РАУС на 9 гадзін для дачы тлумачэнняў па пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні, які быў складзены 21 лютага ўчастковым інспектарам аддзела ўнутраных спраў Ленінскага раёна Брэста капітанам міліцыі Рачынскім. У пратаколе сказана, што 8 студзеня 2015 года Т. Шчапёткіна, не маючы акрэдытацыі ў якасці журналіста на тэрыторыі РБ, знаходзячыся каля дома 411 па вул. Чырвонагвардзейскай у г. Брэсце, узяла інтэрв’ю ў супрацоўніка міліцыі ДПС АДАІ Брэсцкага РАУС Сяргея Неліповіча (на фота). Інтэрв’ю было размешчана ў сетцы Інтэрнэт на сайце польскай радыёстанцыі “Радыё Рацыя”. Згодна з пратаколам, Тамара Шчапёткіна парушыла патрабаванні ч.4 арт. 35 і 36 Закона РБ “Аб сродках масавай інфармацыі”, чым здейсніла правапарушэнне згодна з арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі).
Па словах Тамары Шчапёткінай, капітан ДАІ Сяргей Неліповіч, які стаў “героем” публікацый не толькі на сайце “Беларускага Радыё Рацыя” падчас скандала з уладальнікам вялікай дапаможнай гаспадаркі з Маларыцкага раёна Аляксандрам Бяльчуком, сказаў няпраўду. 8 студзеня ніякага інтэрв’ю ў яго Шчапёткіна не брала і наогул на сайце “Радыё Рацыя” не было інтэрв’ю з Неліповічам: ні Шчапёткінай, ні кагосці іншага. А вось невялікі каментар Неліповіча сапраўды любы, хто наведвае сайт “Беларускага Радыё Рацыя”, мог пачуць яшчэ 21 лістапада 2014 г. У каментары капітан ДАІ Неліповіч кажа, што быў збіты Бельчуком, што ў яго быў разбіты нос і цякла кроў. Падобная інфармацыя была і на сайце Радыё Свабода 10.01 2015 г.