Паўторны разгляд справы Ніны Багінскай: штраф 20 базавых велічынь
Суд Цэнтральнага раёна Менска 20 лютага паўторна разгледзеў адміністратыўную справу Ніны Багінскай, якую абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 22 студзеня каля помніка Тарасу Шаўчэнкі.
За гэтыю акцыю 23 студзеня актывістку Ніну Багінскую суд Цэнтральнага раёна пакараў штрафам у памеры 20 базавых велічынь па частцы 3 артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, здзейснены на працягу года паўторна).
Але пры разглядзе скаргі Багінскай, пададзенай на пастанову суда Цэнтральнага раёна у Менскі гарадскі суд 3 лютага суддзя В. Камісараў прыйшоў да нечаканай высновы, што “зыходзячы са зместу, выкладзенага ў апісальна-матывіровачнай частцы вынесенай раённым судом пастановы ў адносінах да Багінскай А.Н.Г. вынікае, што не было дакладна ўстаноўлена тое, у якім мерапрыемстве Багінская прымала ўдзел 22 студзеня – у несанкцыянаваным мітынгу альбо несанкцыянаваным пікетаванні”.
Таму Менгарсуд вынес пастанову аб накіраванні справы актывісткі на новы разгляд у той жа суд і аб адмене ранейшай судовай пастановы.
Суддзя В. Шабуня, якая разглядала адміністратыўную справу ў тым жа судзе Цэнтральнага раёна, зыходзіла пры вызначэнні віны Багінскай з таго, што яна, ведаючы фактычныя матэрыялы справы выклала іх суду з выгоднага для сябе боку:
“Довады Багінскай аб тым, што яна не прымала ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні, а адкрыта і мірна выказвала сваю грамадзянскую пазіцыю ў рамках дзеючага заканадаўства, суд прызнае не адпавядаючымі рэчаіснасці…
на аснове ведання матэрыялаў справы аб адміністратыўным правапарушэнні, маючых у ім доказаў, а таксама з улікам дакладнага ведання фактычных абставінаў здзяйснення правапарушэння, [Багінская] сваю версію у судзе выклала максімальна выгадным для сябе спосабам, імкеннем прадставіць сітуацыю і трактаваць заканадаўства ў выгадным для яе святле…”
Такім чынам суддзя Шабуня прыйшла да высновы, што падставы для вызвалення Н. Багінскай ад адміністратыўнай адказнасці адсутнічаюць і пастанавіла аштрафаваць актывістку на 20 базавых велічынь (3 600 000 рублёў).
Ніна Багінская не пагадзілася з такім рашэннем суда Цэнтральнага раёна і з дапамогай праваабаронцаў “Вясны” паўторна будзе абскарджваць пастанову аб накладанні штрафу ў судзе вышэйшай інстанцыі.