viasna on patreon

Падрыхтоўка да абласных “Дажынак” у Круглым: людзям прапануюць працаваць задарма

2015 2015-02-20T07:20:05+0300 2015-02-20T09:35:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sialgaspraca.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Круглянскі райвыканкам вырашыў правесці ў Круглянскім раёне 25 лютага 2015 г. “Дзень безаплатнай працы на працоўных месцах”.

Як паведамляе круглянская раённая газета “Сельскае жыццё” (№13 ад 18 лютага 2015 г.), дзень безаплатнай працы будзе праведзены ў мэтах прыцягнення грашовых сродкаў для выканання работ па добраўпарадкаванні г. п. Круглае і ў сувязі з правядзеннем абласнога фестываля-кірмаша працаўнікоў вёскі “Дажынкі – 2015”, “па прапанове працоўных калектываў”.

Круглянскі райвыканкам рэкамендуе арганізацыям, прадпрыемствам і ўстановам да 10 сакавіка 2015 года пералічыць грашовыя сродкі, заробленыя ў Дзень безаплатнай працы на працоўных месцах, “у дабраахвотным парадку на пазабюджэтны рахунак Круглянскага раённага выканаўчага камітэта, у межах сум, згодна дадатку”.

Згодна рашэння Магілёўскага аблвыканкама, абласныя “Дажынкі” у 2015 годзе пройдуць восенню ў гарадскім пасёлку Круглае. У межах падрыхтоўкі да “фестывалю” ў раёне ўжо пачаліся працы па навядзенні парадку на зямлі – высякаецца кустоўе і хмызняк паабапал дарог, разбураюцца закінутыя хаты ў вёсках, выразаюцца дрэвы ў гарадскім парку. Грошы на навядзенне “фестывалю” ў мясцовым бюджэце не хапае, таму круглянскія чыноўнікі ў чарговы раз пастанавілі вырашыць свае праблемы за кошт простых працаўнікоў раёна.

Мясцовыя жыхары вельмі адмоўна ставяцца да ініцыятывы ўладаў аб правядзенні “дня безаплатнай працы”, аднак нейкім чынам выказваць сваё незадавальненне не рызыкуюць, бо баяцца згубіць з-за гэтага працу. Між тым знайсці нейкае новае працоўнае месца ў Круглянскім раёне вельмі цяжка - па афіцыйных дадзеных, “эканамічна неактыўнае насельніцтва з ліку людзей працаздольнага ўзросту” па стане на восень 2014 г. складае каля 1859 чалавек. Працоўныя вымушаны цярпець своеасаблівы “рэкет” з боку мясцовых чыноўнікаў і выконваць за кошт сумленна заробленых уласных грошай іх загады.

У Круглянскім раёне за апошнія гады перасталі працаваць льнозавод, маслазавод, хлебзавод, райспажыўсаюз, сельгасхімія, Ракушыцкая птушкафабрыка, цагляны завод, Круглянская школа-інтэрнат, рэарганізавана шэраг калгасаў і саўгасаў. Фактычна адзінае прадпрыемства ў райцэнтры, якое стабільна працуе - гэта мясцовае будаўнічае ПМК -266. Аднак і там працаўнікі скардзяцца, што апошнім часам значна знізіліся заробкі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства