Камітэт па правах чалавека прыняў да разгляду скаргу аб забароне акцыі ў падтрымку Алеся Бяляцкага
Адпаведнае паведамленне 18 лютага з Жэневы атрымаў вядомы грамадскі ды палітычны дзеяч, жыхар Гомеля Юры Варонежцаў. Камітэт па правах чалавека ААН паведамляе аб рэгістрацыі скаргі, якую ён разам з гомельскімі праваабаронцамі Анатолем Паплаўным і Леанідам Судаленка падаў у сувязі з забаронай у абласным цэнтры 4 жніўня 2013 года вулічнага шэсця ў падтрымку палітычнага зняволенага праваабаронцыАлеся Бяляцкага.
Юры Варонежцаў просіць Камітэт ўстанавіць факт парушэння з боку дзяржавы яго і праваабаронцаў правоў на свабоду правядзення мірнага сходу і свабоду выказвання меркавання і рэкамендаваць беларускаму ўраду прывесці закон "Аб масавых мерапрыемствах", а таксама рашэнне мясцовай улады аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі.
Згодна з працэдурай, пасля рэгістрацыі скаргі яна накіроўваюцца Ураду краіны, які цягам шасці месяцаў павінен даць свой каментар. Аўтару скаргі прадастаўляецца магчымасць пракаментаваць каментар Ураду, пасля чаго скарга чакае чаргі на разгляд, якая складае зараз у Камітэце па правах чалавека ААН ад 2-х да 3-х гадоў.
Раней Камітэт па правах чалавека зарэгістраваў скаргу былога мэра Гомеля Святланы Гальдадэ, якая разам з праваабаронцамі скардзіцца на забарону мірнага сходу ў падтрымку Алеся Бяляцкага 4 жніўня 2012 года. Таксама ў КПЧ ААН разглядаецца скарга праваабаронцаў Анатоля Паплаўнага і Леаніда Судаленкі аб забароне акцыі ў падтрымку Алеся Бяляцкага ў год яго затрымання - 4 жніўня 2011 года.