Баранавічы: мясцовыя вандалы паляць вянкі каля Крыжа памяці сталінскіх ахвяр (фота)
У Баранавічах мясцовыя вандалы паляць вянкі каля Крыжа памяці сталінскіх ахвяр. Па словах актывіста Руху “За свабоду” Віктара Сырыцы, такіх варварскіх дзеянняў з боку злаўмыснікаў яшчэ не было.
– Вось ужо на працягу 10 гадоў мы прыбіраем тэрыторыю каля Крыжа ад смецця, садзім кветкі, усталёўваем шпакоўні на дрэвах, запальваем знічкі ў памяць аб нявінна забітых. Людзі ведаюць, што менавіта тут на скрыжаванні вуліц Смаленскай і Пірагова знаходзілася да вайны савецкая турма “Крывое кола”, у якой сталінскія карнікі расстралялі некалькі тысяч нашых суайчыннікаў, – адзначае Віктар Сырыца.
Па ягоных слорвах, сумленныя людзі не хочуць і не могуць забыць пра жудасныя рэпрэсіі сталіністаў на нашай зямлі. Таму прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці горада Баранавічы ўсталявалі тут Крыж памяці сталінскіх ахвяр у 1992 годзе. Але ўсё часцей невядомыя асобы зрываюць букеты з бел-чырвона-белымі стужкамі, раскідваюць па тэрыторыі спаленыя лампадкі, пішуць на Крыжы зневажальныя словы, а цяпер і спалілі вянкі.
Грамадскі актывіст адзначыў, што мае намер звяртацца ў праваахоўныя органы, каб яны знайшлі і прыцягнулі злаўмыснікаў да адказнасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі закона.