Праваабаронцы “Вясны” сустрэліся з прадстаўнікамі Нарвежскага ПЭН-цэнтра (відэа)
16 лютага прэзідэнт Нарвежскага ПЭН-цэнтра Уільям Нюгард і літаратар Эрлінг Кітэльсэн наведалі офіс ПЦ “Вясна”, дзе абмеркавалі з праваабаронцамі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
Скандынаўскія госці прыехалі ў Беларусь па запрашэнні Беларускага ПЭН-цэнтра ў межах міжнароднага паэтычнага фестываля імя Міхася Стральцова. Тым не менш, іх зацікавіла не толькі творчая імпрэза, але і магчымасць сустрэцца з праваабаронцамі. ПЭН быў утвораны ў 1921 годзе як адная з першых няўрадавых арганізацый у свеце і адная з першых міжнародных арганізацый, што выступаюць за правы чалавека. У размове з кіраўніцтвам праваабарончага цэнтру, Алесем Бяляцкім і Валянцінам Стэфановічам, госці цікавіліся агульнай сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, найперш – праблемамі распаўсюду інфармацыі, працы журналістаў і ўсіх, хто працуе са словам.
- Мы распавялі, якія з гэтым у Беларусі ёсць праблемы –журналісты пераследуюцца за сваю працу, прынятыя новыя папраўкі да закона аб СМІ, якія ўзмацняюць кантроль дзяржавы над інфармацыйнай прасторай у Інтэрнэце і патэнцыйна накіраваны на абмежаванне распаўсюду інфармацыі, - распавёў Алесь Бяляцкі. – Таксама іх моцна зачапіла праблема смяротнага пакарання ў Беларусі, паколькі ў Нарвегіі яно было адмененае яшчэ да Першай Сусветнай вайны, у 1902 годзе…
Былі ў гасцей пытанні і адносна самога Алеся Бяляцкага, які з’яўляецца сябрам беларускага ПЭНа і за лёсам якога падчас зняволення з занепакоеннасцю сачыла аўтарытэтная міжнародная пісьменніцкая арганізацыя. Сябры ПЭНу неаднаразова выступалі з заявамі і бралі ўдзел у акцыях у падтрымку палітвязня.
- Я падзякаваў ім за салідарнасць, якую яны праяўлялі, і таксама папрасіў, каб яны працягвалі назіраць за сітуацыяй са свабодай слова, пераследам журналістаў у Беларусі з тым, каб на такія выпадкі была міжнародная рэакцыя. Таму што гэтая рэакцыя з’яўляецца адным з дзейсных інструментаў, які можа паўстрымаць рэпрэсіўныя дзеянні беларускіх уладаў, - адзначыў з гэтай нагоды кіраўнік “Вясны”. Варта адзначыць, што для спадара Уільяма Нюгарда гэта першы візіт у Беларусь пасля скандальна вядомага інцыдэнту ў снежні 2011 года, калі беларускія ўлады адмовілі яму і калегам з нарвежскага і дацкага ПЭН-цэнтраў у візе. Уільям Нюгард згадаў гэты выпадак у размове з праваабаронцамі.
- Абмяркоўваючы гэта, мы таксама сказалі, што адно з найважнейшых пытанняў, якое б пажадана каб вырашалася ў дачыненні да беларусаў, гэта скасаванне візаў з Еўразвязам, таму што кантакты “ад людзей да людзей” надзвычай важныя. Добра, каб людзі маглі ездзіць, бачыць усё на ўласныя вочы, вучыцца, прывозіць сюды новыя веды, разуменне еўрапейскіх стандартаў дэмакратыі і правоў чалавека. Такія візіты, як іхні, вельмі важныя для таго, каб беларусы ў душы адчувалі сябе еўрапейцамі, разумелі, што мы з’яўляемся часткай агульнай еўрапейскай культурнай, цывілізацыйнай прасторы. І на гэтым мы таксама пагадзіліся, - дадаў Алесь Бяляцкі.
Нагадаем, Камітэт Міжнароднага ПЭН-клуба “Пісьменнікі ў няволі” ў лістападзе 2011 года выступаў з асуджэннем зняволення Алеся Бяляцкага. У заяве, якой Камітэт у чэрвені мінулага года вітаў вызваленне беларускага праваабаронцы і пісьменніка, адзначалася, што “несправядлівае турэмнае зняволенне Алеся Бяляцкага сімвалізуе суровыя праблемы, якія стаяць перад пісьменнікамі і актывістамі ў Беларусі – краіне, урад якой працягвае жорстка абмяжоўваць права на свабоду выказвання меркавання, свабоду асацыяцыі і сходаў”. Камітэт тады заявіў, што “па-ранейшаму глыбока занепакоены сістэматычным палітычным запалохваннем як замежных, так і нацыянальных СМІ, што штурхае пісьменнікаў і журналістаў да самацэнзуры”.