viasna on patreon

Юры Рубцоў: Магчыма, мяне хочуць закрыць

2015 2015-02-10T08:27:19+0300 2015-02-10T12:10:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rubcou-jury-sudd.gif
Юры Рубцоў

Юры Рубцоў

9 лютага Юрыя Рубцова выклікалі на допыт ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту ў Пружанах. Там склалі паперу, што Рубцоў адмовіўся даваць тлумачэньні.

Юры Рубцоў сказаў, што яму не давалі ніякіх папер для азнаямленьня, але пыталіся наконт таго, што ён нібыта зьняважыў начальніка атраду.

«Мабыць, некаму наверсе ня вельмі падабаецца, што са мной ёсьць сувязь. І, магчыма, хочуць мяне закрыць. Напісалі, што я нібыта зьняважыў начальніка атраду. Калі зьнявагай лічыцца тое, што чалавеку сказалі ў вочы, што ён нягоднік, дык я гэта сказаў. Бо начальнік атраду абяцаў, але дагэтуль ня выдаў мне копіяў патрэбных дакумэнтаў. Я яму сказаў, што калі ты нягоднік, то я з табой наагул размаўляць не хачу. Вось за тое, што я яму сказаў „нягоднік“, пачынаюць крымінальную справу», — распавёў Юры Рубцоў карэспандэнту Свабоды, вярнуўшыся з допыту.

Паводле Рубцова, ніякіх дакумэнтаў для азнаямленьня ў Сьледчым камітэце яму не прадставілі.

«Мяркуйце самі: калі чалавек абяцае рабіць адно — і ня робіць. Я прасіў азнаёміцца з дакумэнтам, які прадугледжвае ня толькі мае абавязкі, але і правы. Ён паабяцаў, але не зрабіў. У прысутнасьці зьняволеных я спытаў, ці верыць ён Лукашэнку, што ў нас заробак 600 даляраў. Ён сказаў, што верыць. Тады, кажу, шукайце мне такую працу. Таксама ён даў мне для азнаямленьня рашэньне старшыні Менскага гарсуду, я папрасіў зрабіць копію. Але копію дагэтуль начальнік не зрабіў. Ну як можна называць такога чалавека?»

Таксама Рубцоў распавёў, што яму не далі кнігу скаргаў і прапаноў на той падставе, што ён зьняволены.

 «Але зьняволены — не азначае, што пазбаўлены ўсіх правоў. Я пазбаўлены свабоды перамяшчэньня, але не сваіх правоў. Але на той падставе, што я зьняволены, мне не даюць кнігу скаргаў.Вось ім не падабаюцца такія мае паводзіны. Таму мяне хочуць ізаляваць, каб у мяне не было сувязі са зьнешнім сьветам. Ім не падабаюцца мае незалежныя паводзіны. А людзі дзякуючы мне пачалі адчуваць сябе больш вольна і разумець, што такое годнасьць. Цяпер пачалі адмаўляцца прыбіраць у міліцыянтаў дзяжурнае памяшканьне, а ім гэта не падабаецца. Але, прабачце, кожны чалавек сам сочыць за чысьцінёй свайго працоўнага месца, і зьняволеныя не павінны прыбіраць памяшканьне міліцыі. А яны кажуць — маўляў, 30 гадоў ім прыбіралі і цяпер будуць прыбіраць. Вось адсюль непрыязь да мяне, бо я ім парушыў усю сыстэму прыніжэньня, якую яны выбудавалі. Калі яны не разумеюць, што праца — гэта не абавязак, а права чалавека. Я нібыта ня маю права паводле інструкцыі адмовіцца ад той працы, на якую мяне накіроўваюць. Але я не абавязаны падпісваць працоўную дамову. А безь яе ніводзін наймальнік ня дасьць мне працу.

У Канстытуцыі напісана аб праве на працу, а тут замянілі на абавязак. Тут ёсьць супярэчнасьць у заканадаўстве, і я патрабую, каб гэта зьмянілі. Але мне пішуць адпіскі, што гэта адпавядае закону».

Юры Рубцоў таксама распавёў, што яму далі два папярэджаньні нібыта за адмову ад працы.

«Хоць я адмаўляўся не ад працы, а ад нізкага заробку за яе. І яны гэта хочуць трансфармаваць ва ўхіленьне ад адбыцьця тэрміну пакараньня. Гэта трызьненьне чыстай вады, і я не магу зразумець гэтую лёгіку і сэнс. Канстытуцыйнага права на працу мяне ніхто не пазбаўляў. Гэта права, а не абавязак. Гэта не адно і тое ж. Але гэтага яны зразумець ня могуць».

У кастрычніку 2014 году судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Натальля Вайцяховіч пакарала Юрыя Рубцова паўтара гадамі «хіміі» за зьнявагу судзьдзі Кірыла Палулеха. Той судзіў актывіста вясною — пасьля акцыі «Чарнобыльскі шлях — 2014». Рубцоў быў на шэсьці ў майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!». Міліцыянты затрымалі актывіста і прывезьлі ў суд у адных штанах. Калі судзьдзя Кірыл Палулех пагадзіўся судзіць Юрыя ў такім выглядзе, той, паводле судзьдзі, назваў яго «падонкам».

Касацыйную скаргу Рубцова Менскі гарадзкі суд адхіліў.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт заявілі, што абмежаваньне волі Юрыя Рубцова ў папраўчай установе адкрытага тыпу дае падставы кваліфікаваць Рубцова як палітычнага вязьня.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства