viasna on patreon

Дакладчыка ААН не пускаюць у Беларусь

2015 2015-02-02T11:53:28+0300 2015-02-02T11:53:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aan-sciag.jpg

У траўні будзе вырашацца пытаньне аб працягненьні паўнамоцтваў спэцдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі.

Сёньня беларускія праваабаронцы сустрэнуцца са спэцыяльным дакладчыкам ААН па пытаньнях становішча з правамі чалавека ў Беларусі Міклашам Харасьці.
Пра гэта паведаміў Радыё Свабода намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.
Харасьці будзе кансультавацца зь беларускімі праваабаронцамі ў межах падрыхтоўкі дакладу пра сытуацыю з правамі чалавека.
«Гэта будуць кансультацыі зь беларускімі праваабарончымі арганізацыямі адносна ацэнкі агульнай сытуацыі ў краіне па розных кірунках, але ў асноўным адносна палітычных і грамадзянскіх правоў. Потым у траўні ў Радзе па правах чалавека ААН будзе вырашацца пытаньне аб пралангацыі тэрміну працы спэцдакладчыка па Беларусі і яго паўнамоцтваў. Як гэта будзе адбывацца цяпер, на фоне падзеяў ва Ўкраіне, складана сказаць. Але для нас гэта досыць важны мэханізм ацэнкі сытуацыі, бо гэты мандат спэцдакладчыка быў усталяваны Радай па правах чалавека ААН», — падкрэсьлівае праваабаронца.
Стэфановіч нагадвае, што беларускія ўлады адмаўляюцца супрацоўнічаць з Харасьці і не прызнаюць ягонага мандату спэцдакладчыка ААН.
«Спэцдакладчык так ніводнага разу ў Беларусі ня змог пабываць за ўвесь час існаваньня гэтага мандату, каб ацаніць сытуацыю на месцы, у тым ліку шляхам сустрэчаў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. Таму мы вымушаны сустракацца па-за межамі Беларусі», — канстатуе ён.
Сустрэча адбудзецца ў Вільні ў Доме правоў чалавека і будзе працягвацца два дні.
Галоўныя тэзісы, якія агучаць падчас гэтых кансультацыяў беларускія праваабаронцы, утрымліваюцца ў дакладзе ПЦ «Вясна» «Сытуацыя з правамі чалавека ў 2014 годзе: тэндэнцыі і ацэнкі», які апублікаваны на сайце праваабарончага цэнтру. У гэтым дакладзе адзначаецца, што «сытуацыя з выкананьнем правоў чалавека на працягу 2014 году заставалася стабільна цяжкай з тэндэнцыямі да пагаршэньня напрыканцы году».
«Парушэньні правоў насілі сыстэмны і сыстэматычны характар: асноўныя грамадзянскія і палітычныя правы насілі надзвычай абмежаваны характар, ніякіх сыстэмных зьменаў у галіне выкананьня правоў чалавека (на заканадаўчым узроўні і (ці) на ўзроўні практык) у краіне не адбылося», — падкрэсьліваецца ў дакумэнце.
З пункту гледжаньня праваабаронцаў, адзіным пазытыўным фактам на працягу 2014 году стала вызваленьне з калёніі паводле закону «Аб амністыі» Алеся Бяляцкага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства