Набыў моц новы закон “Аб ваенным становішчы”
Ён быў апублікаваны на Нацыянальным прававым партале 21 студзеня, а пачынае дзейнічаць з 1 лютага.
Новая рэдакцыя закону “Аб ваенным становішчы”пачала дзейнічаць у Беларусі. Закон вызначае падставы для ўвядзення ваеннага становішча і такіх падставаў дзве — ваенная пагроза і напад.
Пад ваеннай пагрозай паводле закону разумеюць абвяшчэнне вайны Рэспубліцы Беларусь з боку іншай дзяржавы без здзяйснення пры гэтым агрэсіўных дзеянняў. Таксама сюды ўваходзіць канцэнтрацыя Узброеных сіл іншай дзяржавы ўздоўж беларускай дзяржаўнай мяжы, якая дэманструе рэальны намер прымяніць узброеную сілу супраць незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу Беларусі.
Таксама ваеннай пагрозай будуць лічыцца ўзброеныя канфлікты, скіраваныя супраць незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу Беларусі, правядзенне ў іншай дзяржаве мабілізацыі з мэтай нападу, заявы і дэманстрацыя сілы, якія ажыццяўляюцца з парушэннем Статуту ААН і паказваюць на падрыхтоўку да нападу.
Што да іншай пагрозы, то бок, нападу на Беларусь, дык у законе гэтае паняцце расшыфроўваецца наступным чынам: “уварванне Узброеных сіл іншай дзяржавы ці дзяржаў на тэрыторыю Беларусі або ваенная акупацыя”. Сюды ж адносяць анексію беларускай тэрыторыі або яе часткі з прымяненнем узброенай сілы, ракетна-авіяцыйныя ўдары з боку войска іншай дзяржавы ды іншыя падобныя атакі.
Як напад трактуецца і засылка іншымі дзяржавамі на тэрыторыю Беларусі ўзброеных банд (груп), ірэгулярных сіл, наймітаў або падраздзяленняў рэгулярных войскаў, якія прымяняюць узброеную сілу супраць Беларусі.
Адметнасць новай рэдакцыі закону і ў тым, што цяпер нападам на Рэспубліку Беларусь будзе лічыцца агрэсія супраць любога з сябраў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). У арганізацыю, нагадаем, уваходзяць Беларусь, Расія, Арменія, Казахстан, Таджыкістан і Кыргызстан.
Ваеннае становішча ўводзіцца прэзідэнцкім указам і зацвярджаецца цягам трох дзён Саветам Рэспублікі.
Закон таксама рэгламентуе і размяжоўвае паўнамоцтвы дзяржаўных органаў у часе ваеннага становішча: прэзідэнта, ураду, Генштабу, Узброеных сіл, КДБ, пракуратуры, Дзяржаўнага мытнага камітэту, Дзяржаўнага памежнага камітэту.
Міністэрства інфармацыі атрымала паўнамоцтвы складаць пералік СМІ, выдавецтваў і распаўсюднікаў друкаваных выданняў, якія могуць працягваць сваю дзейнасць у часе ваеннага становішча.