Копія заявы пра абвяшчэнне галадоўкі Юрыем Рубцовым (фотадакумент)
Да праваабаронцаў патрапіла копія заявы палітзняволенага Юрыя Рубцова пра абвяшчэнне ім галадоўкі, якую, па-ранейшаму, не жадае рэгістраваць кіраўніцтва спецкамендатуры №7.
Юрый Рубцоў, які адбывае пакаранне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна, галадае з 22 студзеня. Тым не менш афіцыйна галадоўка адміністрацыяй камендатуры не зарэгістраваная. Не зафіксана гэта і ў медычнай установе. Між тым, кіраўніцтва камендатуры атрымала 24 студзеня заяву Рубцова, дзе ён указвае не толькі прычыну галадоўкі, але і патрабуе яе афіцыйнай фіксацыі як камендатурай, так і медычнай установай.
У заяве ён папярэджвае начальніка папраўчай установы адкрытага тыпу №7 аб тым, што копія гэтага дакумента “знаходзіцца ў вядомых мне праваабаронцаў”.
Нагодай для галадоўкі Юрый Рубцоў называе адсутнасць працы з афіцыйным сярэднім заробкам 600 долараў. Актывіст таксама вылучыў патрабаванне даць гадзіну тэлеэфіру для апазіцыі ў перадвыбарчы год, згодна з арт 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
У кастрычніку 2014 года суддзя Цэнтральнага суда Менска Наталля Вайцеховіч пакарала Юрыя Рубцова паўтара гадамі «хіміі» за знявагу суддзі Кірыла Палулеха.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінскі камітэт заявілі, што абмежаванне волі Юрыя Рубцова ў папраўчай установе адкрытага тыпу дае падставы кваліфікаваць яго як палітычнага вязня.