Супрацоўніцтва з CCBE задае высокую планку для беларускіх адвакатаў
Днямі Рэспубліканская калегія адвакатаў Беларусі паведаміла пра верагоднасць супрацоўніцтва з Саветам калегій адвакатаў і юрыдычных таварыстваў Еўропы (CCBE) - арганізацыі, якая крытыкавала заганы ў працы беларускай адвакатуры пасля падзеяў 19 снежня 2010 года ў Мінску.
CCBE больш за паўстагоддзя ў авангардзе прасоўвання поглядаў еўрапейскіх юрыстаў і абароны прававых прынцыпаў, на якіх заснаваная дэмакратыя і вяршэнства закона. Арганізацыя працуе ў цесным супрацоўніцтве з праваабаронцамі за межамі Еўропы.
Крытыка CCBE на адрас беларускіх уладаў гучала не аднойчы. У лютым 2011 года арганізацыя ўказала міністру юстыцыі Беларусі на парушэнне міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека ў сувязі з перашкодамі ў доступе арыштаваных удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года да адвакатаў і юрыдычнай дапамогі, а таксама фактамі запалохвання саміх адвакатаў, якія паведамлялі медыя пра праблемы сваіх падабаронных.
Таксама ясным сігналам беларускім уладам была прэмія "За абарону правоў чалавека", якой у 2012 годзе CCBE ушанаваў Паўла Сапелку - адваката палітычных зняволеных, які да таго моманту па прадстаўленні Міністэрства юстыцыі быў выключаны з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Па заяве арганізацыі, гэтай узнагародай адзначаюцца юрысты або юрыдычныя арганізацыі, якія "ўслаўляюць юрыдычную прафесію, дзякуючы захаванню найвышэйшых каштоўнасцяў прафесійных і асобасных паводзінаў у галіне правоў чалавека".