Максім Вінярскі спыніў сухую галадоўку
Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі спыніў сухую галадоўку ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, пра якую абвесціў некалькі дзён таму. Такім чынам актывіст намагаўся прымусіць супрацоўнікаў ЦІП на Акрэсціна вярнуць яго асабістыя рэчы родным. Ён быў пакараны арыштам на 15 сутак за ўшанаванне памяці герояў “Нябеснай сотні” і ўскладанне кветак да помніка Тарасу Шаўчэнку.
А 1-га лютага, пасля адбыцця 10 сутак адміністратыўнага арышту вызваляюцца з ЦІПа Яўген Батура і Мікола Колас, 6 лютага Алесь Макаеў і Максім Вінярскі, справы якіх разглядаліся ў судзе Цэнтральнага раёна Менска 23 студзеня. 27 студзеня выйшла на волю пасля 5 сутак арышту рэжысёр Вольга Мікалайчык.
22 студзеня вечарам прыкладна каля 15 чалавек запалілі знічы і ўсклалі кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку непадалёку ад амбасады Ўкраіны. Быў разгорнуты вялікі партрэт загінулага ва Украіне беларуса Міхаіла Жызнеўскага.Усе ўдзельнікі былі затрыманыя амапам адразу пасля акцыі і дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС сталіцы. У дачыненні да некаторых удзельнікаў з боку праваахоўнікаў ужывалася фізічная сіла. На другі дзень 5 актывістаў прысудзілі да арыштаў, а Ніну Багінскую да грашовага штрафу.