Наста Лойка – Вярхоўнаму суду: Выязныя судовыя паседжанні не спрыяюць адкрытасці
Пасля выязных судовых паседжанняў у РУУС Цэнтральнага раёна Мінска па справе ўдзельнікаў ушанавання памяці герояў «Нябеснай сотні» і шматлікіх абурэнняў іх закрытасцю, на інфармацыным рэсурсе Вярхоўнага суда з’явілася афіцыйная інфармацыя – “Тлумачэнні па факце некарэктнай публікацыі ў СМІ”.
Заяву Вярхоўнага суда і абставіны судоў 23 студзеня пракаментавала юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” і непасрэдная сведка падзей у РУУС Цэнтральнага раёна Наста Лойка:
“Я вельмі вітаю, што Вярхоўны суд рэалізуе сваю ж пастанову №11 “Аб забеспячэнні галоснасці пры ажыццяўленні правасуддзя і пра распаўсюд інфармацыі аб дзейнасці судоў”, але дадзены рэліз выклікае ў мяне пытанні. Па-першае, чаму Вярхоўны Суд спасылаецца на інфармацыю Мінскага гарадскога суда, а не суда Цэнтральнага раёна? Па-другое, вельмі цікава, адкуль пра гэта даведаўся гарадскі суд, бо я была сведкай зусім іншых падзей? Магу пагадзіцца з Вярхоўным Судом толькі ў тым, што асабіста суддзя Вікторыя Шабуня не выганяла нікога з судовых паседжанняў, альбо не замінала на іх прысутнічаць. У той жа час асаблівасць лакалізацыі выязнога судовага паседжання не спрыяе адкрытасці ў прынцыпе: сам начальнік РУУС Артур Шалай, калі выганяў мяне з калідора, зазначаў, што ён там гаспадар і ён будзе вырашаць, каго на працэс пускаць, а каго не. І гэта значыць, што арганізацыйных мераў па забеспячэнні адкрытасці судоў не было, і гэта, я лічу, цалкам віна судовай сістэмы, якая не спрабуе ўплываць на выканаўчую ўладу нават у сваіх жа працэсуальных аспектах”.
Акрамя таго, праваабаронца адзначыла, што суды былі выязнымі хутчэй па тэхнічных прычынах: дзяжурная ў гэты дзень па адміністрацыйных справах суддзя Вікторыя Шабуня мела выязное паседжанне ў РУУС па іншай справе, таму, відаць, было вырашына паказальна сумясціць яго з іншымі працэсамі. Варта адзначыць, што працэсуальнае заканадаўства па адміністрацыйных справах не прадугледжвае выязныя паседжанні, але і не забараняе іх.
“Я вельмі спадзявалася, што пасля прыняцця ў снежні 2013 года вышэй згаданай пастановы №11, сітуацыя палепшыцца. Але тое, што я пабачыла 23 студзеня 2015 года мяне ўразіла: на сваёй тэрыторыі супрацоўнікі міліцыі сапраўды паказалі, хто вышэй - яны ці судовая сістэма, іх загады ці артыкул 2.14 ПВКаАП пра адкрытыя судовыя паседжанні. Прычым з іх боку нават не хавалася пагарда да грамадзян, якія хацелі патрапіць на паседжанне. Асабліва зачапіла адмова прадставіць мне кнігу скаргаў і прапаноў у РУУС: вялізны прапаршчык проста выставіў мяне на мароз”, - распавяла Наста Лойка.
Праваабаронца абураная такім падыходам і збіраецца накіроўваць у Вярхоўны суд і паркуратуру скаргі на нядопуск у "адкрытае" судовае паседжанне, каб даказаць сапраўдныя абставіны тых судовых разглядаў.