viasna on patreon

Суды над затрыманымі каля помніка Тарасу Шаўчэнку праходзяць у закрытым рэжыме (абнаўляецца)

2015 2015-01-23T08:34:33+0300 2015-01-23T16:45:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rayoan-storozhovka-minsk-.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Помнік Тарасу Шаўчэнку ў Менску.

Помнік Тарасу Шаўчэнку ў Менску.

У РУУСе Цэнтральнага раёна Менска адбудзецца выязны разгляд адміністратыўных спраў удзельнікаў ушанавання памяці герояў «Нябеснай сотні». Іх вінавацяць у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП РБ). Пачатак судоў у 10 гадзін.

22 студзеня вечарам прыкладна каля 15 чалавек запалілі знічы і ўсклалі кветкі да помніка Тарасу Шаўчэнку непадалёку ад амбасады Ўкраіны. Быў разгорнуты вялікі партрэт загінулага ва Украіне беларуса Міхаіла Жызнеўскага.Усе яны былі  затрыманыя амапам адразу пасля акцыі і дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС сталіцы. У дачыненні да некаторых удзельнікаў з боку праваахоўнікаў ужывалася фізічная сіла.

Як паведамляе Радыё Свабода, пасля апоўначы вызвалілі 4-х чалавек — Ніну Багінскую, Зьміцера Захарэвіча, Юрыя Ваўчка, Валерыю Чарнаморцаву. У РУУСе Цэнтральнага раёну застаюцца да суду пяць затрыманых. Гэта Вольга Мікалайчык, Алесь Макаеў, Яўген Батура, Максім Вінярскі  і Мікола Колас.

Як паведаміў ў фэйсбуку Максім Вінярскі, супрацоўнікі міліцыі яшчэ каля 20-00  адварочвалі ад сквера многіх, хто хацеў падыйсці да помніка Шаўчэнку, пры гэтым пагражалі затрыманнем і фізічнай расправай.

Вызваленыя актывісты папрасілі прадстаўнікоў амбасады Ўкраіны звярнуць ўвагу на тое, что ў міліцэйскім аўтобусе прадстаўнікі сілавых структураў Беларусі вельмі зьдзекліва, ганебна, у абразьлівай форме выказваліся пра Ўкраіну і ўкраінцаў.

 

***

Праваабаронца Наста Лойка не выключае верагоднасці таго, што суды над затрыманымі ўчора ўдзельнікамі ўшанавання памяці герояў «Нябеснай сотні» будуць выязднымі, непасрэдна ў РУУСе, што фактычна робіць іх закрытымі. У такім выпадку гэта будзе з'яўляецца грубым парушэннем дзеючага Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях Беларусі.

10-35. Радыё Свабода паведамляе, што будуць судзіць і Ніну Багінскую, якую ўчора адпусцілі з РУУСа. Пачатак судовага паседжання ў 10-30.

10-50. Разляд адміністратыўных спраў пройдзе ў кабінеце №219 у РУУСе. Суддзя Вікторыя Шабуня. Людзей на суд пакуль не прапускаюць.

11-05. Каля РУУса зараз сабралася болей за трыццаць чалавек. У памяшканні толькі адвакаты. Начальнік РУУС Артур Шахлай паведаміў, што калі прывязуць на суды затрыманых, ён запусціць у РУУС, "каго будзе патрэбна." Ён жа выдаліў з будынку і праваабаронцу Насту Лойка.

11-10. Існуе пагроза, што суды могуць прайсці ў закрытым рэжыме, без удзелу журналістаў і грамадскасці. Як каментуе падзеі праваабаронца Валянцін Стэфановіч, адным з прынцыпаў адміністратыўнага працэсу з’яўляецца ягоная адкрытасць. Згодна з арт. 2.14 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях, справы аб адміністратыўным правапарушэнні разглядаюцца адкрыта.

11-15. Затрыманых пачалі заводзіць у кабінет да суддзі, але насуперак абяццаням на суд нікога не прапускаюць. Суды праходзяць у закрытым рэжыме.

12-00. Адвакаты ў Цэнтральным РУУСе знаёмяцца з матэрыяламі адміністратыўных спраў.

12-30. Праваабаронца Наста Лойка намагалася пакінуць запіс у Кнізе скаргаў Цэнтральнага РУУС на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія не прапусцілі на суд грамадзян. У гэтым ёй было катэгарычна і груба адмоўлена, а саму дзяўчыну з прымяненем фізічнай сілы, схапіўшы за паліто, вышвырнулі з памяшкання райаадзелу міліцыі.

13-00. Разглядаецца справа Максіма Вінярскага. У будынак РУУСа прапусцілі сведку – Зміцера Захарэвіча,  пра якога хадайнічаў актывіст. Пастанова суддзі  - 15 сутак арышту.

14-05. Алесю Макаеву - 15 сутак арышту; Мікола Колас - 10 сутак.

14-50. Яўген Батура пакараны адміністратыўным арыштам на 10 сутак.

15-50. Рэжысёра Вольгу Мікалайчык арыштавалі на 5 сутак.

16-00. Актывіст Леанід Кулакоў доўга дамагаўся ў супрацоўнікаў міліцыі Цэнтральнага РУУСа, каб яму выдалі Кнігу скаргаў і прапаноў. І толькі тады, калі ён спаслаўся на журналістаў, якія могуць пра гэта напісаць, Кулакоў змог пакінуць запіс у Кнізе скаргаў Цэнтральнага РУУСа на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія не дапусцілі на суд прадстаўнікоў грамадскасці і журналістаў.

***

16-00. Адміністратыўная справа Ніны Багінскай разглядалася ў судзе Цэнтральнага раёна Менска. Прысуд - штраф у памеры 20 базавых велічынь ( 3 мільёны 600 тысяч рублёў)

Актавая зала ў РУУС Цэнтральнага раёна Менска

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства