viasna on patreon

У інтэрнэце распаўсюджваюць "кампрамат" на віцебскіх прыхільнікаў БХД

2015 2015-01-22T18:53:02+0300 2015-01-22T18:53:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kantrol_internet.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Невядомыя інтэрнэт-карыстальнікі цягам апошніх сутак займаюцца дыскрэдытацыяй ініцыятыў ствараемай партыі БХД у Віцебску. Праз сацыяльныя сеткі яны распаўсюджваюць ілжывую і абражальную інфармацыю пра актывістаў, спрабуючы ўцягнуць у дыскусію найперш незалежных журналістаў.

Алена Шабуня, актывістка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД, распавяла пра тэхналогію распаўсюду "кампрамату":

"Я атрымала паведамленне ў "Фэйсбуку" ад невядомай мне асобы, што ў сацыяльнай сетцы "В Контакте" ёсць згадкі пра Таццяну Севярынец і маю з ёй супольную працу. Чалавек, які даслаў мне паведамленне, - невядомы. Я думаю, што ўвогуле гэта "фэйк" – няісная асоба, на імя якой зарэгістравана старонка ў Фэйсбуку. А "В Контакте" я ўбачыла адмыслова створаную групу для "ўкідаў" ілжывых і абразлівых звестак пра віцебскіх актывістаў. У групе пяць удзельнікаў, і сярод іх таксама, падобна, няма ніводнай рэальнай асобы": няма прозвішчаў, замест вотаздымкаў – нейкія карцінкі. А ў паведамленнях – абразлівыя каментары да фотаздымкаў Таццяны Севярынец на сайце http://bchd.info, або ўлёткі, дзе нехта шукаў арфаграфічныя памылкі. Усё гэта суправаджаецца імітацыяй абмеркаванняў у групе, дзе ўдзельнікі – тыя самыя пяцёра невядомых".

Інфармацыю невядомыя распаўсюджвалі шырока: падобныя лісты атрымалі не толькі віцебскія журналісты і актывісты, а ячшэ і актывісты дэмакратычнага руху з Полацку, Оршы, Глыбокага – практычна з усёй Віцебскай вобласці.

Таццяна Севярынец мяркуе, што актывізацыя кампраметатараў наўпрост звязана з апошнімі віцебскімі кампаніямі:

"Якраз на мінулым тыдні мы былі на сходзе, арганізаваным віцебскімі ўладамі ў якасці адказу на нашы калектыўныя лісты наконт нездавальняючай якасці медыцынскага абслугоўвання. У прыватнасці, абмяркоўвалася пытанне наконт будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне Білева, якое было абяцана скончыць ужо пару гадоў таму, а яно яшчэ і не пачыналася… Чыноўнікі сказалі, што "час яшчэ не прыйшоў", і што паліклінічны комплекс для 25-тысячнага насельніцтва мікрараёнаў уводзіць не будуць, пакуль насельнікаў не стане ў 2 разы болей – 45-50 тысяч. Інфармацыя пра гэты сход шырока разышлася па СМІ, было шмат абурэння і негатыўных водгукаў на адрас кіраўніцтва горада і вобласці. Пасля гэтага ў інтэрнэце і з'явіўся кампрамат самага ніжэйшага "пашыбу" – калі парушаецца права на прыватнае жыццё, брыдка каментуецца знешнасць, адзенне і гэтак далей. Напэўна, мы трапілі ў самую балючую кропку са сваімі ініцыятывымі, раз рэакцыя такая неадэкватная. Прычым гэтыя аматары брыдоты з'яўляюцца ў сацыяльных сетках выключна ў працоўны час, і гэта наштурхоўвае на пэўныя высновы пра іхную прафесійную прыналежнасць".

Сапраўды, падобнага кшталту "ўкіды" ў Віцебску адбываюцца ў непасрэднай сувязі з важнымі грамадскімі падзеямі. Так, летась, напярэдадні выбараў, тая самая група "В Контакте" распаўсюджвала "кампрамат" на апазіцыйнага кандыдата Хрыстафора Жаляпава, які балатаваўся ў абласны савет. Друкаваліся карыкатуры на праваабаронцу Паўла Левінава, Вольгу Карач і Сяргея Рыжова –палітыкаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства