Гродзенскі гарвыканкам не дазволіў сябрам АГП праводзіць пікеты
Прадстаўнікі Гродзенскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі атрымалі з Гродзенскага гарвыканкаму адмову на правядзенне пікетаў, прысвечаных грамадскаму рэагаванню на валютна-фінансавы крызіс і патрабаванню адстаўкі прэзідэнта і чальцоў ураду, якія вінаваты ў крызісе. Сябры АГП мелі намер правесці пікеты з мэтай інфармавання насельніцтва гораду.
Асобныя заяўкі на правядзенне пікетаў падавалі старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі АГП Аляксандра Васілевіч і старшыня Гродзенскай гарадской структуры партыі Ежы Грыгенча.
У адказе чыноўнікаў за подпісам намесніцы старшыні гарадскога выканкаму Зоі Кулешы адмовы абгрунтаваны стандартнай за апошнія гады фармулёўкай: у сувязі з непрадстаўленнем дамоў на забеспячэнне грамадскага парадку, медыцынскага абслугоўвання і прыборку тэрыторыі. Пры гэтым актывісты АГП у сваіх заявах прасілі гарвыканкам дапамогі ў заключэнні такіх пагадненняў і прыклалі пісьмовыя абавязальніцтвы па аплаце адпаведных паслуг.