Месца для святаў – не месца для пікетаў?
У Астраўцы забаронены пікет за адстаўку ўлады, вінаватай у эканамічным крызісе, бо гэта не свята.
– Вось толькі цяпер атрымаў адказ з Астравецкага райвыканкама на пададзеную мной заяўку аб правядзенні пікета 17.01.2015г. на цэнтральнай плошчы Астраўца у сувязі з валютна-фінансавым крызісам, які сёння разкручваецца ў Беларусі, – кажа Мікалай Уласевіч, старшыня Астравецкай гарадской арганізацыі АГП. – Зразумела, што атрыманы адказ – адмоўны, і матываваны ён тым, што месца, якое я абраў для пікетавання, прызначана ў райцэнтры выключна для правядзення дзяржаўных святаў Рэспублікі Беларусь.
Так, абвал валютна-фінансавай сістэмы – гэта зусім не свята, ні дзяржаўнае, ні нейкае іншае. Але ж гэта выключна важная падзея ў нашай дзяржаве, якая патрабуе неадкладнага грамадскага рэагавання, і яна не павінна быць сёння праігнаравана. Тым больш, што ў блізкай перспектыве ў большасці людзей у Беларусі ўсе дзяржаўныя святы будуць са слязьмі на вачах.
Адзначым, што АГП і не чакала станоўчых адказаў на заяўкі. Але падаваць іх неабходна для таго, каб мець свежыя прыклады парушэння ўладамі асноўных правоў і свабод грамадзян, такіх як права на сходы, права на свабоду слова.
АГП не мае намеру спыняць у гэтым накірунку сваю працу. Пікеты ўсё роўна будуць праведзеныя. АГП не лічыць гэта парушэннем закона, бо ўпэўненая, што дзейнічае ў адпаведнасці з Канстытуцыяй РБ.