Алесь Бяляцкі: Аляксандр Тамковіч працуе на сучасную і будучую Беларусь
Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, сябра Рады арганізацыі і прэзідэнт Беларускага Дома правоў чалавека Таццяна Рэвяка 14 студзеня ў Вільні бралі ўдзел у прэзентацыі “Найноўшай гісторыі ў асобах” як адныя з герояў гэтай кнігі.
Прэзентацыя кнігі журналіста Аляксандра Тамковіча, якая праходзіла ў Беларускім доме правоў чалавека імя Барыса Звозскава, сабрала праваабаронцаў, журналістаў, прадстаўнікоў амбасадаў ды актывістаў грамадскіх арганізацыяў. Аўтар прадставіў сваіх герояў як людзей, вядомых у Беларусі і па-за яе межамі, якія на працягу апошніх дзесяцігоддзяў мелі непасрэднае дачыненне да найноўшай беларускай гісторыі.
Героі кнігі, у сваю чаргу, называюць Аляксандра Тамковіча, аўтара больш за 400 партрэтных эсэ і нарысаў, летапісцам найноўшай гісторыі Беларусі.
“Аляксандр Тамковіч у сваіх кнігах стварае галерэю людзей, багата з якіх былі рэпрэсаваныя, сядзелі ў турме ці мелі іншыя праблемы з сённяшнімі ўладамі, але якія сваім лёсам даказваюць, што ў нашай краіне ідзе, можа быць не заўсёды бачная, але ўпартая і драматычная барацьба за будучыню Беларусі. Заўтрашнюю Беларусь яны бачаць, у адрозненне ад сённяшніх уладаў, дэмакратычнай еўрапейскай краінай”, - кажа Алесь Бяляцкі, адзначаючы, што важнасць працы аўтара заключаецца ў тым, што ён фіксуе “сапраўдную” гісторыю Беларусі ў супрацьлегласць “афіцыйнай” гісторыі.
“Калі паглядзець афіцыйныя энцыклапедыі, іншыя даведнікі, дык большасць людзей, пра якіх піша Аляксандр Тамковіч, там не знайсці. І ўвогуле гісторыя, якая зараз ствараецца афіцыйнымі гісторыкамі і афіцыйнымі выдавецтвамі, мае мала што агульнага з рэальнымі падзеямі ў краіне. У святле гэтага Аляксандр Тамковіч робіць вельмі важную справу: фіксуе сапраўдную гісторыю Беларусі – сапраўдныя падзеі, сапраўдныя тэндэнцыі, сапраўдныя праблемы, якія ёсць у нашым жыцці”.
Да ўсяго, Алесь Бяляцкі кажа пра вялікае значэнне кнігаў Аляксандра Тамковіча для новых пакаленняў беларусаў. “Зараз падрастае пакаленне, якое нічога не ведае, напрыклад, пра тое, што ў нас было дзесяць гадоў таму, а тым болей пра лёсавызначальныя для Беларусі падзеі канца 80-х – пачатку 90-х гадоў. Запіс праўдзівай беларускай гісторыі з’яўляецца падмуркам для асэнсавання як сённяшняга дня Беларусі, так і таго, што будзе з краінай заўтра. Аляксандр Тамковіч працуе на сучасную і будучую Беларусь”.
Нагадаем, што кніга “Найноўшая гісторыя ў асобах” выдадзена як па-беларуску, так і ў англамоўным варыянце.