Крышнаітаў вінавацяць у нецэнзурнай лаянцы
Некалькі дзён таму у Полацку былі затрыманыя два сябры крышнаіцкай суполкі, на якіх былі складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 17.1 “Дробнае хуліганства”.
15 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна г.Мінска адзін з затрыманых змог азнаёміцца з матэрыяламі справы і напісаць заяву-хадатайніцтва аб пераносе судовага паседжання ў сувязі з камандзіроўкай у бліжэйшы час. Папярэдне судовы разгляд плануецца на 21 студзеня.
Сітуацыя з другім адміністрацыйна затрыманым высветліцца заўтра ў судзе Аршанскага раёна і горада Оршы.
Са словаў абвінавачаных стала вядома, што знаходзячыся каля гандлёвага дому ў Полацку, яны прапаноўвалі мінакам паразмаўляць і азнаёміцца з некаторай літаратурай. У гэты час да іх падыйшла жанчына, якая прадставілася адміністратарам гандлёвага дому, і папрасіла адыйсці далей ад будынка. Крышнаіты выканалі просьбу, але праз некаторы час былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі. Пратрымаўшы беспадстаўна іх каля шасці гадзінаў, не патлумачыўшы прычыны затрымання, іх правы і абавязкі, міліцыя прад’явіла ім абвінавачванні ў “дробным хуліганстве”, у тым ліку за нецэнзурную лаянку ў публічным месцы. Пасля складання пратаколаў на падставе заявы адміністрацыі гандлёвага дому, сябраў крышнаіцкай суполкі адпусцілі, а справы накіравалі ў суды па месцы іх рэгістрацыі – у Мінск ды Оршу.
Трэба адзначыць, што нецэнзурная лаянка пярэчыць рэлігійным перакананням крышнаітаў, як і абразлівае прыставанне да грамадзянаў і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак.