Адлічаны студэнт з юрфака судзіцца з БДУ
Працяг разгляду скаргі Уладзіміра Андрыенкі аб адлічэнні яго з юрыдычнага факультэта БДУ адбыўся 14 студзеня ў судзе Маскоўскага раёна г.Мінска. Суддзя – Рудніцкая Алена.
З боку БДУ былі два прадстаўнікі па даверанасці, адзін з іх – Шырынскі Алег, выкладчык прадмету “Палітычныя і прававыя вучэнні”, за няздачу якога і быў адлічаны заяўнік.
На пачатку судовага паседжання Андрыенка заявіў некалькі хадатайніцтваў: запатрабаваць з Міністэрства адукацыі матэрыялы праверкі па пададзенай раней скарзе, таксама загад рэктара БДУ на яго адлічэнне, аб азнаямленні з асабістай справай, аб выкліку і допыце ў якасці сведкі старасты группы №12 Котавай, начальніка студэнцкага аддзела кіравання кадраў Шаранговіча, а таксама студэнтаў, якія здавалі іспыты разам з заяўніком у адзін дзень па прадмеце “Палітычныя і прававыя вучэнні”.
Праз 10 хвілін ад пачатку паседжання суддзя не вытрымала тлумачэнняў Уладзіміра на беларускай мове і сказала занесці ў пратакол вызначэнне, што судовае паседжанне і судовае справаводства будзе весціся на рускай мове. Пасля нядоўгіх спрэчак пра тое, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы, Андрыенка працягнуў казаць па-беларуску. Таксама ў гэты момант з залі была выдалена адна слухачка нібыта за парушэнне парадку.
Трэба адзначыць, заяўнік лічыць, што быў падрыхтаваны да пераздачы іспыту з камісіяй, адказаў на пытанні з білету, а таксама і на датковыя пытанні. Пра гэта сведчыць і той момант, што ён пайшоў адказваць першым. Факт нездачы і, як следства, адлічэнне з БДУ звязвае з ціскам з-за яго актыўнай грамадзянскай пазіцыі, ў тым ліку з распаўсюдам кніг пра студэнцкае самакіраванне сярод старастаў груп юрыдычнага факультэта. На гэтай глебе адбыўся канфлікт з намеснікам дэкана Шыдлоўскім А., які “канфіскаваў” кнігі ў старастаў, прыгразіўшы: “Калі, хтосьці хоча скончыць універсітэт раней, мы яму ў гэтым дапаможам”.
У довады прыводзіць справу Таццяны Шапуцька, дзе таксама фігуруе загадчык кафедры “Тэорыі і гісторыі дзяржавы і права” Калінін С., што можа сведчыць пра не адзінкавы выпадак пераследу за “непажаданую” дзейнасць.
Прадстаўнік зацікаўленнай асобы ў сваіх абгрунтаваннях спасылаецца на тое, што Андрыенка проста не рыхтаваўся да іспыту, на пытанні білетаў не адказаў, таму і было прынята калегіяльнае рашэнне экзаменацыйнай камісіі паставіць “адмоўную” адзнаку студэнту.
Аднак, падчас выступаў бакоў стала зразумела, што было некалькі парушэнняў пры афармленні дакументаў і парадку азнаямлення Андрыенка з імі. Так, дакладная запіска на імя рэктара была напісана пазней, чым прапанаваная дата адлічэння, паведамленне пра адлічэнне было прыведзена з парушэннямі, а азнаямленне з загадам увогуле не адбылося.
Пасля довадаў заяўніка і прадстаўніка зацікаўленай асобы ў судзе быў аб'яўлены 10-хвілінны перапынак, які расцягнуўся на паўгадзіны. За пяць хвілін да сканчэння працоўнага дня суддзя вярнулася ў залю, задаволіла хадатайніцтва аб запатрабаванні з Міністэрства адукацыі матэрыялаў праверкі, а таксама аб выкліку ў якасці сведкі начальніка студэнцкага аддзела кіравання кадраў Шаранговіча.
Пасля суду Уладзімір падзяліўся сваімі адчуваннямі:
“Складана тое, што ты кажаш ўсё, што ведаеш, далучаеш розныя доказы, выклікаеш на суд усіх, каго можна і каго нельга. І ты не ведаеш, якія вынікі будуць і што пасля гэтага атрымаецца. І сам суд вельмі шмат энэргіі забірае”.
Працяг паседжання адбудзецца 22 студзеня ў 10.00.