viasna on patreon

Брэст: суд пакараў штрафам незалежную журналістку

2015 2015-01-13T21:03:50+0300 2015-01-14T10:06:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/alina-lirvinchuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Журналістка Аліна Літвінчук

Журналістка Аліна Літвінчук

12 студзеня судом Ленінскага раёна Брэста вынесена рашэнне ў адносінах да Аліны Літвінчук – штраф у памеры 30 базавых велічынь.

Аліна Літвінчук была абвінавачвана ў незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі паводле артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Размова ідзе пра публікацыю на інтэрнэт-старонцы “Беларускага Радыё Рацыя” матэрыяла пра дзейнасць Брэсцкага абласнога аддзялення арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” (YMCA).

Аліна Літвінчук адмовілася даваць паказанні, скарыстаўшыся правам не сведчыць супраць сябе. У выніку суд зрабіў высновы на падставе выказванняў сведкі, у якасці якога выступіў прадстаўнік YMCA Аляксандр Драчук. Пасля таго, як быў заслуханы сведка, суддзя Святаслаў Каліна нават не выходзіў у дарадчы пакой, бо меў ужо падрыхтаванае рашэнне, якое адразу зачытаў.

“Відавочна, што ў дадзеным выпадку варта казаць, што былі парушаны мае правы, якія замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і гарантуюць кожнаму грамадзяніну права на бесперашкодны збор і распаўсюд інфармацыі”, - распавяла Аліна Літвінчук. Паводе яе меркавання, гэтае судовае паседжанне яшчэ раз падкрэсліла адсутнасць падзелу ўладаў у краіне, бо рашэнне прымалася пад уплывам дзеянняў спецслужбаў і міліцыі, якія некалькі разоў выклікалі сведку і аказвалі ціск на яго (пра гэта падчас разгляду справы распавёў сам Аляксандр Драчук). Незалежная журналістка мае намер абскардзіць пастанову суда ў вышэйшых інстанцыях.

Нагадаем, што 24 снежня мінулага года таксама судом Ленінскага раёна Брэста быў пакараны штрафам ў памеры 40 базавых велічынь паводле гэтага ж артыкула іншы незалежны журналіст - Алесь Ляўчук.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства