Ігар Логвінаў пра рашэнне эканамічнага суда: Фактычна гэта азначае банкруцтва
У Эканамічным судзе г. Мінска 9 студзеня вынесена рашэнне па адміністратыўнай справе ў дачыненні да Прыватнага выдавецкага унітарнага прадпрыемства “Логвінаў”. За ажыццяўленне дзейнасці без дазволу Мінінфармацыі на рэалізацыю друкаванай прадукцыі на прадпрыемства накладзены штраф у памеры 30 базавых велічынь і канфіскаваны даход за 2014 год у памеры 961 мільён рублёў. Адміністратыўная справа была ўзбуджаная па пазову Інспекцыі міністэрства па падатках і зборах Цэнтральнага раёна Менска.
Адвакат адказчыка хадайнічаў аб далучэнні да справы абаротна-сальдавых ведамасцяў, якія падцвярджаюць расходы прадпрыемства на арэнду, падаткі, заработную платы ды іншыя гаспадарчыя выдаткі і сведчаць пра тое, што прыбытку ПВУП “Логвінаў” практычна не мела аніякага. “Мяркуем, што гэта магло б быць змякчальнымі абставінамі пры вынясенні рашэння судом”, - зазначыў адвакат.
Прадстаўнік Інспекцыі палічыў гэта немэтазгодным і суддзя Сяргей Кулакоўскі хадайніцтва не задаволіў.
Адвакат прызнаў, што, сапраўды “Логвінаў” ажыццяўляў сваю дзейнасць без адмысловага пасведчання на распаўсюд друкаванай прадукцыі. Але ці ёсць тут віна адказчыка? “Мы лічым, што віны няма, паколькі цягам года 6 разоў падаваліся дакументы ў Міністэрства інфармацыі для атрымання дзяржрэгістрацыі на гандаль кнігамі, аднак кожны раз у міністэрстве знаходзіліся розныя нязначныя і неабгрунтаваныя зачэпкі, каб адмовіць у атрыманні гэтага дакумента”, - паведаміў адвакат. Урэшце, зараз адмовы Міністэрства інфармацыі ажскарджваюцца ў Вярхоўным судзе.
Суддзя Кулакоўскі, які ўвесь час перабіваў адваката, запытаўся у Ігара Логвінава: “Вы ж ведалі, што без гэтай паперкі Міністэрства інфармацыі не маеце права рэалізаваць друкаваную прадукцыю і пра магчымыя наступствы гэтага кроку?”
Суддзя таксама пацікавіўся, чаму Ігар Логвінаў не абскарджваў адмовы Міністэрства інфармацыі ў Вярхоўным судзе раней, а толькі зараз. Ігар патлумачыў, што гэта патрабуе дадатковага часу і сродкаў, прыцягнення працы юрыста ці адваката.
Прадстаўнік Інспекцыі міністэрства па падатках і зборах Цэнтральнага раёна Менска падкрэсліў, што размова не ідзе пра звычайную неахайнасць і неасцярожнасць у вядзенні гаспадарчай дзейнасці, а пра прамы намер і таму, з улікам непрызнання віны адказчыкам, пакаранне мусіць быць адэкватным парушэнню, якое нельга лічыць малазначным.
Пасля кароткага перапынку суддзя Сяргей Кулакоўскі агучыў рашэнне: пакараць выдаўца Ігара Логвінава штрафам у памеры 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў з канфіскацыяй атрыманага даходу ў памеры 961 мільён.
Логвінаў мае магчымасць абскардзіць рашэнне Эканамічнага суда Менска ў Вярхоўным судзе цягам 10 дзён.
Каментуючы судовае рашэнне ігар Логвінаў зазначыў, што, відаць, “краіне патрэбны гэты мільярд рублёў” і дадаў, што гэтых грошай у яго няма, паколькі гэта не прыбытак, а даход, які быў патрачаны на бягучыя патрэбы прадпрыемства. Фактычна гэта азначае банкруцтва.
Ён таксама дадаў, што Мінінфармацыі даўно вядзе з ім вайну як з выдаўцом.
Пасля суду стала вядома, што частку журналістаў і пісьменнікаў увогуле не прапусцілі ў памяшканне суду, прычым, у грубай форме, маўляў, такое распараджэнне паступіла ад начальнік прэс-службы эканамічнага суда.
Нагадаем, што ў снежні ў кнігарні «Логвінаў» прайшла пазапланавая падатковая праверка. Памяшканне кнігарні апячаталі, праверылі усе дакументы. За выяўленыя парушэнні выставілі штраф — 961 мільён рублёў. Галоўная ж прэтэнзія падатковай — праца без ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі на рэалізацыю друкаванай прадукцыі. Гэтае новаўвядзенне з’явілася ў студзені 2014 года.