Выселеныя магіляўчане наўзамен кватэр атрымалі інтэрнаты
Адміністрацыя будаўнічага трэста №12 пагражае зрабіць гэта праз суд. 6 студзеня жыхары выселенага дома накіравалі пісьмовае ўведамленне на адрас трэста, што яны адмаўляюцца заключаць тэрміновыя дамовы на пражыванне ў інтэрнаце тэрмінам на 5 год.
Прычыну адмовы 11 выселеных на пачатку 2014 года грамадзян матывуюць тым, што яны рыхтуюць скаргу ў Вярхоўны суд на рашэнне Ленінскага раённага суда, які адмовіўся разглядаць справу аб высяленні іх з дома і непрадастаўленні ім кватэр, эквівалентных тым, з якіх іх выселілі. Таксама грамадзяне адзначаюць, што ідзе разгляд скаргаў у іншых дзяржаўных інстанцыях.
Юрыстка незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Алена Барысава адзначае, што прымушэнне заключэння тэрміновай дамовы на пражыванне з’яўляецца парушэннем заканадаўства:
- У людзей на руках ордэры на кватэры, якія яны атрымлівалі на пражыванне ў д.59 па вуліцы Ленінскай шмат дзесяцігоддзяў таму. Замест таго, каб даць ім новыя кватэры не меншай плошчы, як гэта прадугледжана артыкулам 88 Жыллёвага кодэкса іх перасялілі ў інтэрнаты, дзе кожнай сям’і далі пакоі з улікам 6 метраў квадратных на аднаго чалавека. У людзей шок. Акрамя таго падчас перапіскі з чыноўнікамі высветлілася, што дом, у якім яны жылі, без іх ведама перавялі ў статус інтэрната. Гэта таксама яўнае парушэнне заканадаўства.
Трэба адзначыць, што дом 59 па вуліцы Ленінскай напачатку мінулага год быў прызнаны аварыйным. Людзей з яго выселілі, але дом працягвае стаяць дагэтуль. Яго лёс не вызначаны. Зараз яго аблюбавалі жыхары без вызначанага месца жыхарства і дом паступова прыходзіць у занядбаны стан – шыбы пабітыя, падлога ўзарваная, дзверы вынесеныя.