Магілёў: суд па справе перашкоды распаўсюду газеты “Новы час” перанесены
Прычына пераносу судовага пасяджэння на панядзелак, 12 студзеня, звязана з тым, што ў суд не з’явіліся сведкі інцыдэнта.
Сёння, 8 студзеня, у судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва пачалося судовае пасяджэнне з нагоды пазова актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ (КХП-БНФ) Віктара Чарабухіна з нагоды перашкоды яму ў распаўсюдзе незалежнай газеты “Новы час”.
Нагадаем, што 5-га лістапада 2014 года ў краме “777” на вуліцы Чалюскінцаў на актывіста напаў ахоўнік Дзмітрый Прохараў, які пачаў яго скручваць і пагражаць задушыць за тое, што ён займаецца распаўсюдам фашысцкай газеты. Адметна тое, што на той момант у Віктара Чарабухіна пры сабе не было ніякіх газет. Іх ён раздаваў раней, і ахоўнік яго запомніў.
У судзе стала вядома, што на ахоўніка крамы заведзена справа па факту паклёпа Віктара Чарабухіна. Па факту хуліганства міліцыянты справу ўзбудзіць не адважыліся. Суд вяла суддзя Тацяна Міхайлава, якая прапанавала бакам замірыцца, аднак актывіст КХП-БНФ ад падобнай прапановы адмовіўся.
40-гадовы ахоўнік у сваім выступе назваў газету “Новы час” фашысцкай і сказаў, што, на яго думку, такія газеты прывялі да падзеяў ва Украіне. Тым часам ён адмаўляе, што асабіста называў Віктара Чарабухіна фашыстам.
На беларускамоўныя пытанні актывіста КХП-БНФ Дзмітрый Прохараў у судзе адказваць адмовіўся, таму Віктар Чарабухін быў вымушаны задаваць іх па-руску.
У матэрыялах справы фігуруе відэазапіс інцыдэнта з крамы, які міліцыя прадаставіла да судовага пасяджэння. Яго збіраюцца праглядзець падчас наступнага пасяджэння суда.
Віктар Чарабухін з’яўляецца распаўсюднікам незалежнага выдання доўгі час, мае даверанасць на распаўсюд ад рэдакцыі. Дагэтуль ён неаднаразова распаўсюджваў газету каля крамы “777” і ніхто з ахоўнікаў не меў нічога супраць гэтага. Інцыдэнт адбыўся калі да працы прыступіў новы ахоўнік.