Суд не выдаў Рыгору Кастусёву матывіровачную частку да судовай пастановы
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 5 студзеня накіраваў папярэднюю скаргу ў Магілёўскі абласны суд на пастанову суда Шклоўскага раёна ад 23 снежня 2014 года аб пакаранні яго штрафам у памеры 25 базавых велічынь за ўдзел у Дні памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы 26 кастрычніка 2014 года.
Па словах Рыгора Кастусёва, скаргу яму давялося тэрмінова пісаць ад рукі і падаваць абсалютна нечакана, бо суд Шклоўскага раёна знянацку адмовіўся прадстаўляць матывіровачную частку свайго рашэння, спаслаўшыся на тое, што яна ўтрымлівалася ў самім рашэнні.
“5-га студзеня мне патэлефанавалі з сакратарыята суда Шклоўскага раёна і паведамілі, што я магу прыйсці ў суд і атрымаць матывіровачную частку рашэння суда Шклоўскага раёна аб пакаранні мяне штрафам у памеры 25 базавых велічынь, - распавядае Рыгор Кастусёў. – Пастанову суда Шклоўскага раёна я атрымаў на рукі 29 снежня, а 31 снежня падаў заяву ў суд, дзе прасіў выдаць мне на рукі матывіровачную частку да гэтай пастановы. Тады ж мяне запэўнілі, што матывіровачная частка будзе мне абавязкова прадастаўлена.
Якое ж было маё здзіўленне, калі 5-га студзеня ў судзе Шклоўскага раёна, пасля таго як я прыйшоў за матывіровачнай часткай каля 16-00, мне прапанавалі распісацца за паперку, у якой паведамляецца, што ў рашэнні суда ад 23 снежня 2014 года ўжо ўтрымліваецца матывіровачная частка, і мне яе прадастаўляць не будуць, хаця раней запэўнівалі, што я яе атрымаю дадаткова. Я адразу ж звязаўся з праваабаронцам Барысам Бухелем, які параіў, як дзейнічаць далей. Мною была ад рукі напісана папярэдняя агульная скарга ў Магілёўскі абласны суд з выкладаннем усіх абставін справы, я адразу ж аплаціў дзяржпошліну ў памеры 2 базавых велічынь у банк і паспеў да 18-00 падаць скаргу ў суд Шклоўскага раёна для далейшага накіравання ў Магілёўскі абласны суд. Давялося дзейнічаць вельмі хутка, каб не прапусціць тэрмін абскарджвання”, - кажа Рыгор Кастусёў.
У Свіслачы 26 кастрычніка 2014 года адбылося традыцыйнае ўшаванне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, удзел у якім прынялі грамадскія актывісты з розных рэгіёнаў Беларусі. На мерапрыемстве прысутнічаў і Рыгор Кастусёў.
Увесь час на мерапрыемстве ад могілак у Свіслачы да сканчэння мэрапрыемства ў Якушоўцы прысутнічалі людзі ў цывільным, і міліцэйскі аператар усё фіксаваў на камеру. Цэлы шэраг удзельнікаў адзначэння Дня памяці ў Свіслачы былі пакараныя вялікімі штрафамі.