Нясвіжскі РАУС правераць на карупцыйнасць па скарзе актывіста прафсаюза РЭП
Следчы камітэт, Упраўленне ўнутраных спраў Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і суд Нясвіжскага раёна правядуць праверкі па скарзе прававога інспектара прафсаюза РЭП Аляксандра Вайцешыка, на якога за просьбу выдаць кнігу скаргаў і прапаноў у адной з устаноў грамадскага харчавання Нясвіжа склалі адміністрацыйны пратакол і адправілі на трое сутак у міліцэйскі ізалятар. Пра гэта Аляксандру Вайцешыку, які напісаў скаргу на ўмовы ўтрымання пад вартай Генеральнаму пракурору, пісьмова паведаміў пракурор Нясвіжскага раёна Аляксандр Алісевіч.
У прыватнасці, начальніку Нясвіжскага раённага аддзеда Следчага камітэта даручана праверыць указанныя актывістам прафсаюза РЭП факты “праплачанасці” яго адміністрацыйнага затрымання 17 лістапада 2014 года і карупцыйных праяваў у дзеяннях супрацоўнікаў Нясвіжскага РАУС.
А начальніку Упраўлення ўнутраных спраў Мінскага абласнога выканаўчага камітэта даручана праверыць абставіны, звязаныя не толькі з неналежнымі ўмовамі ўтрымання ў ізалятары, але і неправамоцнымі дзеяннямі супрацоўнікаў ізалятара часовага ўтрымання Нясвіжскага РАУС.
– Генеральная пракуратура вельмі аперытыўна адрэагавала на тыя недахопы ў працы Нясвіжскага РАУС, якія я ўказаў у сваёй скарзе, і даручыла Следчаму камітэту правесці праверку. Хацеў бы яшчэ адзначыць, што ўсе накіраваныя мною заявы ў Нясвіжскі аддзел Следчага камітэта па фактах мяркуемых карупцыйных злоўжыванняў супрацоўнікаў Нясвіжскага РАУС былі разгледжаны не ўпарадку Крымінальна-працэсуальнага заканадаўства (арт. 174 КПК РБ), а ў парадку закона аб зваротах грамадзян, – паведаміў Аляксандр Вайцешык.
Нагадаем, што раней з аргументамі прафсаюзнага актывіста ўжо пагадзіўся Рэспубліканскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Дэпартамента фінансаў і тыла, які даручыў адрамантаваць камеры ў Нясвіжскім ІЧУ.