viasna on patreon

Салігорскі выканкам сітуацыю з забаронай пікета даводзіць да абсурду

2014 2014-12-29T15:52:32+0300 2014-12-29T15:52:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chynounikkk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Галоўны ідэолаг Салігоршчыны Мікалай Маскевіч так і не прадставіў мясцовым праваабаронцам копію таямнічага выканкамаўскага рашэння, якое стала падставай для забароны пікета да Мінжнароднага дня правоў чалавека. Пісьмовы зварот прадстаўніка Беларускага Хельсінкскага Камітэта Леаніда Мархоткі і адпаведная скарга ў пракуратуру пакуль не прынеслі плёну.

Гаворка пра рашэнне Салігорскага райвыканкама ад 07.10.2004г. №700 “Аб мерах па папярэджанні надзвычайных здарэнняў і захаванні законнасці пры правядзенні масавых мерапрыемстваў”, якім ужо не ўпершыню мясцовыя ўлады абгрунтоўваюць свае забароны на правядзенне мірных сходаў у сталіцы шахцёраў. У сваім апошнім адказе намеснік старшыні Салігорскага райвыканкама спадар Маскевіч адфутболіў мясцовых праваабаронцаў на пошукі гэтага рашэння ў “Занальны дзяржаўны архіў г.Слуцка”, дзе яно нібыта знаходзіцца на захаванні.

Прадстаўнік БХК Леанід Мархотка лічыць гэткія паводзіны салігорскіх чыноўнікаў неадэкватнымі:

- Маем абсалютна абсурдную сітуацыю. Улады забараняюць праваабарончы пікет, абгрунтоўваюць гэта сваім рашэннем ад 2004 года, але ўсяляк намагаюцца зрабіць з гэтага рашэння дзяржаўную таямніцу. Цяпер вось адпраўляюць у слуцкі дзяржаўны архіў, хаця спадар Маскевіч копіяй нібыта гэтага дакумента матляў перад маімі вачыма яшчэ пару тыдняў назад. Урэшце нейяк жа яны адмову ў правядзенні пікета напісалі, не думаю, што па памяці цытывалі рашэнне дзесяцігадовай даўнініы, - кажа праваабаронца.

Выказаў спадар Мархотка і сваю здагадку адносна гэткай упратасці ўладаў, гатовых ісці на здавался б беспадстаўны канфлікт, робячы таемным абсалютна публічнае рашэнне.

- У мяне, насамрэч, два варыянты такіх, на першы погляд, абсалютна бязглуздых паводзін чыноўнікаў. Па-першае, гэта можа быць звычайны наменклатурны інстынкт. Калі лепш забараніць, чым дазволіць. Лепш не даць, чым даць і не ведаць, як гэта потым супраць цябе ж выкарыстаюць. Такі сабе класічны страх перад невядомым. Але найбольш верагодна, што гэтае рашэнне ад 2004 года ўжо наўпрост не адпавядае дзеючаму заканадаўству, якое з таго часу зведала пэўныя прынцыповыя змены. Ні для каго не сакрэт, што забарону пікета мы будзем абскарджваць у судзе, і ў такім выпадку ў адказных чыноўнікаў могуць узнікнуць праблемы з гэтай нагоды, - мяркуе прадстаўнік БХК.

Зрэшты, па словах Леаніда Мархоткі, гуляцца з чыноўнікамі ў гэткі бюракратычны футбол і шукаць рашэнне ў слуцкім дзяржархіве ці яшчэ дзесці ён небудзе. Бліжэйшым часам праваабаронца накіруе скаргу на забарону пікета ў суд Салігорскага раёна. Разам са скаргай у суд будзе накіравана і хадайніцтва аб прадстаўленні для азнаямлення копіі таямнічага выканкамаўскага рашэння.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства