Міліцыя не знайшла паклёпнікаў на журналіста
Аляксандр Буракоў атрымаў адказ з міліцыі, у якім гаворыцца, што ўстанавіць асоб, якія здзейснілі на яго паклёп, немагчыма. Калі ж будзе гэтая асоба знойдзена, то яе прыцягнуць да адказнасці па арт. 9.3 КаАП Рэспублікі Беларусь, пра што журналіст будзе ўведамлены дадаткова. Блакіраваць сайт voskresinfo.com міліцыя не можа, бо гэта не адносіцца да іх кампетэнцыі.
Нагадаем, што сайт voskresinfo.com займаецца паклёпам на грамадска-палітычных актывістаў і журналістаў Магілёва. Ад яго дзейнасці пацярпела не менш за 20 чалавек.
Каля месяца назад грамадскі актывіст Антон Касцоў і журналісты Ігар Барысыў і Аляксандр Буракоў звярнуліся ў міліцыю з просьбай знайсці паклёпнікаў і прыцягнуць іх да адказнасці, а таксама заблакаваць сайт, які распаўсюджвае насапраўдную, паклёпніцкую інфармацыю пра іх жыццё. Усе атрымалі пісьмовыя адказы, у адпаведнасці з якімі міліцыянты прызнаюць факты паклёпа і абразы, аднак устанавіць тых асоб, якія гэта зрабілі, не могуць.
Цікавым фактам з’яўляецца тое, што ў адказе Ігару Баысаву міліцыянты пазначылі, што сайт знаходзіцца ва Украіне, а ў адказе Антону Касцову, што ён размяшчаецца ў Расійскай Федэрацыі. Калі актывісты намераны бараніць свой гонар і годнасць, то яны мусяць звяртацца ў суд з адпаведнымі заявамі ва ўзгаданых краінах. Існаванне аднаго сайта ў двух краіных адначасова выклікае шэраг пытанняў, у тым ліку -- наколькі якасна міліцыянты праводзілі праверку і шукалі паклёпнікаў.