Алеся Леўчука будуць судзіць 24 снежня
Суд над берасцейскім журналістам Алесем Леўчуком прызначаны на 24 снежня. Пра гэта карэспандэнт даведаўся пасля таго, як на адрас ягоных бацькоў прыйшоў ліст з пратаколам правапарушэння з дзіўнай фармулёўкай: “здзяйсненне супрацьзаконнага вырабу сродка масавай інфармацыі”. Сам Алесь збіраецца абскарджваць дзеянні міліцыянта і рыхтуецца да суду:
- Гэтай калькі, па якой яны судзяць астатніх, – не будзе. Калі будзе – гэта будзе цалкам «беспредел», і гэты «беспредел» я проста так не пакіну. Супрацоўнікам міліцыя ясна разумеюць, што я не буду з імі супрацоўнічаць. Даючы папярэджанне, або даючы штраф, яны ніяк не выключаюць мяне. Я ўсё роўна буду працаваць, усё роўна буду рабіць сваю справу.
Нагадаем, што 18 снежня ўвечары на тэлефон карэспандэнта патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся пастарунковым Ленінскага РАУС Берасця – Андрэем Кажэнкам. У гутарцы міліцыянт запрашаў Алеся наведаць пастарунак, але той адмовіўся, запатрабаваўшы позву.