viasna on patreon

На «хіміі» Рубцову зрабілі заўвагу і адабралі нож

2014 2014-12-22T17:01:46+0300 2014-12-22T17:01:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rubcou-00.jpg
Юрый Рубцоў

Юрый Рубцоў

У папраўчай установе Юры Рубцоў, які не прызнае сябе вінаватым, адмаўляецца падпісваць любыя паперы.

22 сьнежня «чалавек-майка», актывіст з Гомеля Юры Рубцоў пачаў адбываць 1,5 гады «хіміі» ў спэцкамэндатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну — за абразу судзьдзі суду Савецкага раёну Менску Кірыла Палулеха.

Юры Рубцоў ужо атрымаў заўвагу ад адміністрацыі спэцкамэндатуры за тое, што на дзень спазьніўся з прыездам у Куплін. Актывіст патлумачыў сытуацыю карэспандэнту Свабоды:

«Паводле паведамленьня, якое я атрымаў зь міліцыі, прыбыць сюды я мусіў цягам 3 дзён. Я гэтак і разьлічыў. А тут кажуць, што я мусіў весьці адлік не ад часу атрыманьня позвы, а з нуля гадзінаў таго дня. Таму мне залічылі спазьненьне і афіцыйна зрабілі заўвагу».

Адміністрацыя ўстановы запатрабавала ад Рубцова тлумачальную запіску, але ён пасьля несправядлівага судовага пакараньня прынцыпова ня піша й не падпісвае ніякія афіцыйныя паперы:

«Тлумачальную патрабавалі, але ж я нічога не пішу й не падпісваю. Дык яны самі з маіх слоў напісалі, панятыя сваімі подпісамі засьведчылі. Бо я ж ніякіх папераў не падпісваю — абсалютна».

На гэтай падставе, як распавёў Рубцоў, кіраўнікі ўстановы палічылі, што Павал Севярынец паводзіў сябе лепей.

Юры Рубцоў ведае, што ў Купліне адбываў пакараньне 3 гадамі «хіміі» апазыцыйны палітык Павал Севярынец. Ён кажа, што яму «з гонарам пра гэта казалі самі міліцыянты». Юрыю Рубцову ўжо выдзелілі ложак ў пакоі, але са сваімі суседзямі актывіст яшчэ не пазнаёміўся. Пра бытавыя ўмовы Юры Рубцоў распавёў так:

 «Тут ёсьць кухня, гатаваць ежу „хімікі“ мусяць самі. Але няма крамы, толькі раз на два тыдні прыяжджае аўталаўка, і з харчамі яўна будуць праблемы. Калі мяне сюды „прымалі“, дык адабралі нож, і як цяпер чысьціць бульбу — ня ведаю. За межы камэндатуры выходзіць нельга, толькі зь пісьмовага дазволу, але я па-ранейшаму адмаўляюся падпісваць любыя іх паперы, таму ня ведаю, як там будзе. Якая ў мяне будзе праца, нічога ня кажуць», — паведаміў Юры Рубцоў.

Пасялілі палітычнага «хіміка» ў невялікім пакоі, дзе знаходзіцца тры двух’ярусныя ложкі:

«Тут такі невялікі пакой — ня больш за васямнаццаць мэтраў. Тры двух’ярусныя жалезныя ложкі стаяць — значыць, на шэсьць чалавек. А колькі тут насамрэч, ня ведаю. Бачу, што адзін ложак вольны. Астатнія пяць, разам з маім, засланыя. У пакоі пакуль нікога няма, таму ня ведаю, з кім мяне пасялілі. Мабыць, яны на працы».

Дзе будзе працаваць, Юры ня ведае. Ён паводле прафэсіі — кіроўца. Калі ў адміністрацыі запытвалі, дзе ён хоча працаваць і колькі атрымліваць, Рубцоў адказаў гэтак:

«Пыталіся, на які заробак я б хацеў разьлічваць. Я ім давёў, што ў нашай краіне прадукцыйнасьць працы на 25 адсоткаў ніжэйшая, чымсьці ў ЗША. Яны пагадзіліся. Ну дык вось, кажу, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй я павінен атрымліваць годны заробак. Таму давайце ад 8 тысяч даляраў, якія атрымлівае кіроўца ў ЗША, аднімем 25 адсоткаў — такую ж суму я б хацеў атрымліваць тут у якасьці заробку. Ну й кажу, каб лічылі даляры разам з 30 адсоткамі надбаўкі. Вось так пасьмяяліся».

Насамрэч Рубцову на «хіміі» давядзецца нялёгка. Установа знаходзіцца ў лесе. Працу давядзецца, хутчэй за ўсё, шукаць у Пружанах. Аўтобус у Куплін ходзіць два разы на тыдзень — дабірайся, як хочаш. Наагул, каб выйсьці куды з установы, трэба пісаць заяву на імя начальніка. Але Рубцоў ніякіх папераў прынцыпова ня піша.

«Наконт працы ў іх праблема. Я наагул у шоку. Аказваецца, выйсьці нікуды нельга: трэба пісаць заяву на імя начальніка, каб выйсьці. А я ж адмаўляюся паперы якія пісаць. І атрымліваецца, што мне й выйсьці нельга».

Рубцоў паведаміў, што падчас засяленьня ў яго забралі сьцізорык, і цяпер — ні хлеба адрэзаць, ні бульбіну абабраць. А наагул жыцьцё на «хіміі» на званку. Акурат прагучалі тры званкі:

«Я добра яшчэ ня вывучыў усе сыгналы. Але тры — гэта можна выходзіць на перакур. Пайду папалю».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства