Cуд над Вольгай Мікалайчык завяршыўся штрафам
У судзе Маскоўскага раёна Менска адбудзецца разгляд адміністратыўнай справы рэжысёра Вольгі Мікалайчык. Яе вінавацяць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі.
Актывістка Ніна Багінская ўчора вечарам каля Чырвонага касцёла разгарнула бел-чырвона-белы сцяг у знак памяці пра падзеі Плошчы-2010. Гэтую акцыю здымала рэжысёр Вольга Мікалайчык.
Калі амапаўцы сталі затрымліваць Багінскую, Вольга заступілася за яе. У выніку – Багінскую адпусцілі, а Вольгу затрымалі.
Як паведаміў ПЦ “Вясна” актывіст Леанід Кулакоў, Мікалайчык адвезлі ў Маскоўскі РАУС і пакінулі да суда ў пастарунку. Ежу, якую спрабавалі перадаць сябры, прыняць адмовіліся.
Суд прызначаны на 10 гадзін раніцы ў судзе Маскоўскага раёна (праспект Газеты Праўда, 27)
***
Адвакат Вольгі Мікалайчык даведаўся, што суд перанесены на 14 гадзін. Прычына пераносу невядомая. Справу разглядае суддзя Таццяна Мотыль.
У 10 гадзін раніцы давялося пераносіць разгляд справы, паколькі згубіўся пратакол правапарушэння. Давялося складаць новы, са шматлікімі нестыкоўкамі, на якую, пад час разгляду справы ў 17 гадзін, звярнуў увагу адвакат:
"публічна выказвала грамадска-палітычныя асабістыя інтарэсы шляхам размахвання бел-чырвоным сцягам без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама, чым парушыла усталяваны парадак арганізацыі і правядзення пікетавання"
Сведкі з боку супрацоўнікаў міліцыі так і не з’явіліся ў судзе. Нягледзячы на гэта, суддзя Таццяна Мотыль вынесла рашэнне пакараць Вольгу Мікалайчык на 15 базавых велічыняў (2 мільёны рублёў).
Гэтае рашэнне Вольга Мікалайчык будзе абскарджваць.
Вольга Мікалайчык — рэжысёр-дакументаліст, аўтарка вядомых фільмаў «Катаванні ў Беларусі» і «Падарожжа па бясконцай вайне». Яе стужкі пра беларускіх палітвязняў неаднойчы дэманстраваліся на міжнародных фестывалях.