Эдуард Лобаў: Трэба агледзецца і вызначыцца, што рабіць далей
Першую пасля вызвалення прэсавую канферэнцыю правёў 19 снежня былы палітвязень Эдуард Лобаў. Яго вызвалілі з Івацэвіцкай папраўчай калоніі №22 18 снежня пасля чатырохгадовага тэрміну зняволення.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Эдуард Лобаў выказаў сваё меркаванне адносна магчымага вызвалення апошняга, хто пацярпеў за Плошчу-2010, палітвязня Мікалая Статкевіча:
“Складана, вядома, казаць пра тое, чаму Мікалая Статкевіча так доўга трымаюць. Хутчэй за ўсяго яго будуць трымаць да таго часу, пакуль не пройдуць прэзідэнцкія выбары. Але ў выпадку якой-небудзь іншай знешне-палітычнай сітуацыі, яго могуць вызваліць датэрмінова, як гэта было, напрыклад, з Алесем Бяляцкім”.
Лобаў таксама распавёў аб тым, што ў яго была магчымасць выйсці на волю некалькі год таму: яму тройчы прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся, паколькі лічыць, што ні ў чым не вінаваты, а тым больш што гэты рэжым яму чужы. Над Эдуардам Лобавым быў ўсталяваны прэвентыўны нагляд тэрмінам на адзін год, але якія будуць умовы ён пакуль ня ведае, паколькі яшчэ не станавіўся на ўлік.
Узгадваючы суд 24 сакавіка 2011 г. над сабой і Змітром Дашкевічам, ён адзначыў наступнае: “Гэты працэс правялі фармальна, паколькі ад самага пачатку было вядома, каму і які тэрмін будзе свяціць і было вядома, што гэтая справа цалкам падстаўная. Увогуле, я не разглядаў гэта як суд”.
Былы палітвязень падрабязна спыніўся на ўмовах утрымання ў Івацэвіцкай папраўчай калоніі. Адносіны з іншымі зняволенымі, паводле ягоных слоў, былі нармальнымі, як з усімі астатнімі. Супрацоўнікі калоніі ведалі, за што ён сядзіць, здаралася што выклікалі на пэўныя размовы. Лобаў не адчуваў асаблівага прэсінгу на сабе як на палітвязня, хаця за чатыры гады атрымаў 18 спагнанняў, сядзеў у карцэры. Увогуле ніякіх адрозненняў паміж ім і астатнімі, не было. Умовы ў калоніі, дзе адбываў тэрмін, ён назваў звычайнымі, але прызнаўся, што яму няма з чым параўноўваць, паколькі ў іншых калоніях ён ня быў. Аднак, калі ўлічваць, што зараз 21 стагоддзе, то яны непрымальныя.
Закранаючы тэму медыцынскага абслугоўвання Лобаў распавёў, што звяртаўся да лекараў са звычайнымі хваробамі і яму дапамагалі здавальняюча, а тыя, у каго розныя складаныя, альбо хранічныя захворванні, скардзяцца на медыцыну вельмі часта. Што тычыцца харчавання, дык яно было звычайным для такіх устаноў: раніцай каша на вадзе, на абед – суп, макароны, ці ізноў каша з якой-небудзь каўбасой, па вечары бульба была з рыбай, ці кіслая капуста. “Наколькі я зразумеў, гэтую ежу даюць так, каб падтрымліваць жыццядзейнасць. Для гэтага такой нормы якраз і дастаткова”, – робіць высновы Лобаў.
Лобаў адзначыў, што тых, хто ставіцца негатыўна да дзеючай улады вельмі шмат. Многія, з якімі ён быў знаёмы ў калоніі, падзялялі яго палітычныя погляды. Амаль палова зняволеных негатыўна ставіцца да агрэсіі Расіі ў дачыненні да Украіны.
Таксама былы палітвязень спыніўся на вайсковай тэме. У прыватнасці, ён распавёў пра тое, якой бачыць беларусае войска: “Нам неабходна кантрактнае, прафесійнае войска, якое будзе гадамі накопліваць вопыт. А яшчэ – вялікая колькасць вайскоўцаў якія зараз служаць, дзякуючы дзяржаўнай прапагандзе, разглядаюць Расію, як нешта блізкае для нас. І гэта, на маю думку, момант нацыянальнай пагрозы. У выпадку агрэсіі з боку Расіі ў бок Беларусі, на іх можна не спадзявацца, яны могуць перайсці на варожы бок. Калі што зменіцца, зменіца ўлада, я планую пайсці ў войска”.
Пра свае планы на будучыню былы палітвязень сказаў, што канкрэтных планаў пакуль няма: «Трэба агледзецца і вызначыцца, што рабіць, дзе працаваць".