Мінскі абласны суд стаў на бок актывіста "Еўрапейскай Беларусі"
Суддзя Мінскага абласнога суда Гучок В. І. разгледзеў касацыйную скаргу салігорскага актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Уладзіміра Лемеша і пастанавіў адмяніць рашэнне суда Салігорскага раёна ды накіраваць справу на новы разгляд іншаму суддзі.
Уладзімір Лемеш быў беспадстаўне затрыманы нібыта за нецэнзурную лаянку, дзве ночы правёў у жудасных умовах Салігорскага ІЧУ, а затым атрымаў штраф у трыста тысяч рублёў, у яго быў праведзены ператрус з выняццем друкаванай прадукцыі. Рашэнне суда Салігорскага раёна аб прызнанні яго вінаватым у дробным хуліганстве і прысуджаны яму штраф актывіст палічыў незаконным ды абскардзіў у касацыйнай інстанцыі.
Нечакана для самога Уладзіміра Лемеша Мінскі абласны суд палічыў рашэнне салігорскага суда аднабаковым і няпоўным, а даследванне абставінаў адміністрацыйнага правапарушэння неаб’ектыўным.
“Суддзя разгледзеў справу павярхоўна, належным чынам не даследваў абставіны правапарушэння і не высветліў, ці меўся ў Лемеша У. М. хуліганскі матыў, а таксама не высветліў, у дачыненні якіх асобаў выказвалася нецэнзурная лаянка і ці былі гэтыя выказванні скіраваныя на прыніжэнне іх гонару и годнасці. Пры такіх абставінах пастанову нельга прызнаць законнай і абгрунтаванай і яна падлягае адмене, а справа накіраванню на новы разгляд,” - гаворыцца ў пастанове Мінскага абласнога суда.