Amnesty International: «Ваш ліст можа змяніць жыццё» (ВІДЭА)
Ставячы ў прыклад лёс беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які яшчэ паўгады таму быў вязнем сумлення, Amnesty International заклікае да ўдзелу ў Марафоне салідарнасці.
Бельгійскае аддзяленне міжнароднай праваабарончай арганізацыі зрабіла відэаролікі з удзелам Алеся Бяляцкага, праз якія заклікае актывістаў па ўсім свеце далучацца да напісання лістоў салідарнасці ў межах глабальнага Марафона, які ладзіцца з 6 па 10 снежня. На сённяшні дзень 12 чалавек, якіх Amnesty International прызнала вязнямі сумлення, маюць у гэтым патрэбу.
Падчас зняволення кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” ў межах аналагічнага Марафону актывісты з усяго свету напісалі 40 тысяч лістоў з заклікам да яго вызвалення. І ў гэтым відэа Алесь выказвае ўсім падзяку.
“Я жыву і працую ў Беларусі. На працягу 20 гадоў у Беларусі існуе аўтарытарная дыктатура. Прэзідэнт Лукашэнка кіруе краінай так, як хоча, усе гэтыя дваццаць гадоў. Апошнія тры гады я правёў у турме як палітычны зняволены. За гэты час я атрымаў каля 40 тысяч лістоў у сваю падтрымку. У асноўным гэтыя лісты дасылалі мне сябры Amnesty International з усяго свету. Я хачу выказаць сваю падзяку і заклікаць і сяброў Amnesty International і іх прыхільнікаў працягваць сваю працу на карысць правоў чалавека ва ўсім свеце”, - сказаў Алесь Бяляцкі ў сваім відэазвароце.
Нагадаем, Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года на падставе абвінавачвання ва “ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры” і прысуджаны 24 лістапада 2011 года да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адразу пасля арышту Amnesty International прызнала Алеся Бяляцкага вязнем сумлення. Пасля амаль трох гадоў пазбаўлення волі праваабронца быў вызвалены 21 чэрвеня 2014 года, у першы дзень дзеяння закону аб амністыі, у якой яму адмаўлялі цягам двух гадоў запар з нагоды “шматлікіх парушэнняў рэжыму зняволення”. Усе гады зняволення міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, краіны Еўрапейскага Саюза і ЗША патрабавалі ад уладаў Беларусі безумоўнага вызвалення вязня сумлення.