Алесь Бяляцкі заклікаў МЗС Даніі не зніжаць планку патрабаванняў да беларускага рэжыму
У Капенгагене 1 снежня прайшла сустрэча старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага з міністрам замежных спраў Даніі Марцінам Лідэгардам.
Падчас сустрэчы Алесь Бяляцкі адзначыў, што сітуацыя ў Беларусі ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі не мяняецца. «Грамадства знаходзіцца пад татальным кантролем рэжыму, ёсць палітвязні, працягваюцца рэпрэсіі супраць грамадзянскіх актывістаў і апанентаў улады, пераследуюцца незалежныя журналісты. У Беларусі катастрафічна не хапае вольнага паветра».
Сваё вызваленне праваабаронца звязвае з вялікім ціскам, які аказвала на рэжым міжнародная супольнасць. Алесь Бяляцкі заклікаў і далей не зніжаць планку патрабаванняў да рэжыму з боку Еўропы, якія грунтуюцца на міжнародных пагадненнях, падпісаных Беларуссю, а таксама падтрымліваць намаганні грамадзянскай супольнасці, накіраваныя на дэмакратычныя змены ў краіне.
«Наша грамадства чакае яснага сігналу ад Еўрапейскага Саюза ў прызнанні еўрапейскай будучыні для беларускага народа», - сказаў Алесь Бяляцкі.
Нагадаем, асуджаны ў 2011 годзе на тэрмін у 4,5 гады па палітычна матываваным абвінавачванні, праваабаронца правёў у зняволенні амаль тры гады і быў вызвалены 21 чэрвеня 2014 года па амністыі, у якой яму раней адмаўлялі з прычыны "шматлікіх парушэнняў рэжыму адбыцця пакарання". Усе гады зняволення краіны Еўрапейскага Саюза, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі патрабавалі ад уладаў Беларусі безумоўнага вызвалення вязня сумлення.