Суд адмяніў Вінагарадаву штраф за знаходжанне ў грамадскім месцы "у нецвярозым стане"
Лідар моладзевай арганізацыі “Zмена” Павел Вінаградаў, якога ўлады вымусілі з’ехаць з Менску ў Беразіно, пагражаючы накіраваннем у ЛТП, абскардзіў праз суд спагнанне ў выглядзе штрафу за з’яўленне ў грамадскім месцы нібыта ў нецвярозым стане. Скаргу разглядала 27 лістапада суддзя Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль з удзелам адваката, паколькі сам актывіст зараз пражывае і стаіць на прафілактычным ўліку ў Беразіно.
Згодна з пратаколам адміністратыўнага правапарушэння (арт. 17.3 КаАП), раніцай 8 кастрычніка Павел Вінаградаў знаходзіўся ў грамадскім месцы (аддзяленні міліцыі) ў нецвярозым стане, хістаўся з боку на бок, распаўсюджваючы ў кабінеце пах алкаголю. Гэта было падцверджана рапартам інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі А. Кур’яновіча, а таксама пратаколам апытання сведкі А. Кракасевіча.
Павел Вінаградаў, знаёмячыся з пратаколам асведчання, не пагадзіўся з яго вынікамі і зрабіў запіс у пратаколе аб тым, што яго не дастаўлялі ў медыцынскую ўстанову для асведчання на наяўнасць алкаголю, як гэта рэгламентуецца адпаведнай інструкцыяй, і адмовіўся прызнаць сваю віну.
Тым не меней, намеснік начальніка Маскоўскага РУУС 9 кастрычніка вынес пастанову, згодна з якой Павел Вінаградаў прызнаны вінаватым у здзяйсненні правапарушэння па арт. 17.3 КаАП (знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы) і аштрафаваны на 1 200 000 рублёў.
Суддзя Таццяна Мотыль прызнала, што пры разглядзе справы былі дапушчаныя неаб’ектыўнае даследванне абставінаў адміністратыўнага правапарушэння і аднабаковасць пры разглядзе матэрыялаў справы.
Гэтая акалічнасць была ўзятая пад увагу суддзёй, якая адмяніла пастанову намесніка начальніка Маскоўскага РУУСа аб адміністратыўным правапарушэнні і накіравала справу на новы разгляд.