viasna on patreon

У Круглым раіліся, што рабіць з “дармаедамі”

2014 2014-12-02T13:15:41+0300 2014-12-02T13:15:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chynounik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На мінулым тыдні ў гарадскім пасёлку Круглае прайшоў міжраённы семінар, на якім начальнікі ўпраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне шэрагу раёнаў Магілёўшчыны і прадстаўнікі вертыкалі раіліся, што рабіць з “дармаедамі” і як іх прымусіць працаваць.

Пра правядзенне міжраённага семінара-нарады і вынікі яго працы паведаміла круглянская раённая газета “Сельскае жыццё” (№92 ад 29 лістапада 2014 г.) у матэрыяле “Трэба прымусіць лайдакоў працаваць і спыніць раздаваць бясплатна выгоды тым, хто не працуе”.

Прысутныя на семінары азнаёміліся са “станоўчым” вопытам Круглянскага раёна, дзе рашэннем раённага выканаўчага камітэта ад 10 лістапада 2014 г №200-р была зацверджана працоўная група для правядзення маніторынгу па выяўленні незанятага насельніцтва і стварэнні спісаў непрацуючых грамадзян на тэрыторыі Круглянскага раёна. Адпаведныя спісы ў раёне ўжо падрыхтаваныя, “круглянцы выйшлі на канкрэтныя прозвішчы патрабуемых людзей”, піша “Сельскае жыццё”.

Самае цікавае, што прысутныя на семінары-нарадзе чыноўнікі не ведалі, што далей рабіць з “дармаедамі”. Было агучана, што ў існуючым беларускім заканадаўстве адсутнічае паняцце “дармаед” і няма нават такога паняцця, як “безперапынны працоўны стаж”. Нідзе не сказана, пасля якога тэміну – шэсць месяцаў, год, два – чалавек можа прызнавацца дармаедам?

Як адзначыў намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Магілёўскага аблвыканкама В. Шэпялевіч, усё будзе залежыць ад пастаўленай задачы: “Нам важна прымусіць усіх плаціць падаткі і тым самым удзельнічаць у фарміраванні даходнай часткі бюджэта? Альбо мы хочам прымусіць працаваць тых, хто гэта самастойна не робіць”?

Нагадаем, што па дадзеных упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Круглянскага райвыканкама, па стане на 1 верасня 2014 года ў эканоміцы раёна занята 6017 чалавек, афіцыйна на ўліку стаіць 18 беспрацоўных. Між тым у цэлым па Круглянскім раёне эканамічна неактыўнае насельніцтва з ліку людзей працаздольнага ўзросту складае каля 1859 чалавек. Згодна спецыялістаў упраўляння, у раёне існуе каля ста вольных працоўных вакансій. Згодна ж дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь па стане на 2 снежня ў Круглянскім раёне налічвалася 23 незанятыя вакансіі з 75 вольнымі месцамі.

Усяго ў Магілёўскай вобласці налічваецца каля 80 000 “дармаедаў”. Адпаведнаая лічба была агучаная на нарадзе, якая праходзіла ў Магілёўскім аблвыканкаме, паведаміла 1 снежня тэлерадыёкампанія «Магілёў».

Згодна афіцыйных дадзеных галоўнага статыстычнага ўпраўлення Магілёўскай вобласці, па стане на канец кастрычніка 2014 года колькасць беспрацоўных, зарэгістраваных у органах камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва склала 2,7 тысячы чалавек. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя склаў 0,6% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.

Па дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь па стане на 2 снежня ў Магілёўскай вобласці існуе 1941 незанятая вакансія з 3860 вольнымі месцамі.

Па стане на 1 снежня 24 прадпрыемствы Магілёўскай вобласці маюць запазычанасць па заработнай плаце, агульная запазычанасць прадпрыемстваў вобласці перад сваімі працаўнікамі складае амаль 20 мільярдаў рублёў.

Ну і куды ж у Магілёўскай вобласці ўладкуюць 80 тысяч “дармаедаў”?

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства