Трэцяя адміністратыўная справа заведзеная на Юрася Беленькага
Намесніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага збіраюцца судзіць у трэці раз. 3 снежня ў судзе Менскага раёна будзе разгледжаная адміністратыўная справа за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства – мітынгу ў Курапатах пад час Дзядоў 2 лістапада. Пачатак суду ў 11 гадзін.
Першая адміністратыўная справа разглядалася 17 лістапада. Юрася Беленькага прызналі вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства —шэсця ў Курапаты 2 лістапада на Дзяды. За неўзгадненне з міліцыяй захадаў бяспекі падчас вулічнай акцыі ён мусіць выплаціць 20 базавых велічыняў — 3 мільёны беларускіх рублёў.
Затым 28 лістапада Ленінскі суд Менску аштрафаваў намесніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага за арганізацыю дазволенага шэсця ў Лошыцу 9 лістапада. Паводле рашэння суддзі Марыны Запаснік, Юрась Беленькі як арганізатар шэсця ў Лошыцкі Яр, якое адбылося 9 лістапада, ня выканаў рашэнне Менгарвыканкаму аб аплаце паслуг міліцыі, якая забяспечвала парадак на мерапрыемстве. За гэта суддзя пакарала Беленькага штрафам у 30 базавых велічынь — гэта 4,5 мільёна рублёў.